«Марым пра нармальнае вяшчанне ў Беларусі» — «Еўрарадыё» споўнілася 10 гадоў

26 лютага 2006 года адбыўся першы эфір «Еўрапейскага радыё для Беларусі» (Еўрарадыё).



euroradio160226_jav79.jpg

Як распавёў у інтэрв'ю baj.by галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Віталь Зыблюк, гісторыя радыёстанцыі пачалася з таго, што адзін з былых кіраўнікоў «Радыё 101.2», адзін з заснавальнікаў першай «Рацыі» Дзмітрый Новікаў вырашыў стварыць новае СМІ. Такім чынам у 2005 годзе ў Польшчы паўстала новае радыё. У склад заснавальнікаў тады ўвайшлі розныя структуры, у тым ліку і Беларуская асацыяцыя журналістаў. Праз колькі месяцаў нарэшце адбыўся першы эфір. Першапачаткова «Еўрарадыё» пачало вяшчаць праз спадарожнік. Тады ж стартаваў і сайт.

Зараз на спадарожніку і праз сайт радыё працуе круглыя суткі, а таксама ў ёсць набор хваляў, якія пакрываюць розныя рэгіёны Беларусі. Радыёстанцыя арэндуе перадатчыкі ў Польшчы, з якіх вяшчае на Брэсцкую вобласць; ёсць перадатчыкі ва Украіне, якія пакрываюць Піншчыну; на ультракароткіх хвалях «Еўрарадыё» кругласуткава вяшчае на поўнач Беларусі. Але ў марах ва ўсіх супрацоўнікаў радыё — атрымаць нармальнае FM-вяшчанне ў самой Беларусі.

27 лютага ў клубе «РэПаблік» (17:30) «Еўрарадыё» ладзіць традыцыйны святочны канцэрт «Даём рады».

«Ніякімі сюрпрызамі загадзя дзяліцца не буду, — зазначыў Віталь Зыблюк — Няхай гэта застанецца сапраўды сюрпрызам для тых, хто прыйдзе».