Масавыя праверкі на рынку ў Полацку сталі прычынай стыхійнай забастоўкі прадпрымальнікаў

Больш за 500 прадпрымальнікаў Полацкага рынку (Віцебская вобласць) 16 кастрычніка пачалі стыхійную забастоўку ў адказ на масавыя праверкі супрацоўнікаў падатковых органаў і аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі.



zabastovka_2451.jpg

Адна з прадпрымальніц рынку, якая пажадала застацца неназванай, паведаміла БелаПАН, што масавыя праверкі на рынках Полацка пачаліся 13 кастрычніка, пасля прэзідэнцкіх выбараў. Паводле яе слоў, кожны дзень правяраюць па шэсць прадпрымальнікаў, людзей рэгулярна штрафуюць. "Ужо былі канфіскацыі з-за накладных на дзіцячае адзенне", — сказала суразмоўца.


"Раней іх усе дакументы задавальнялі, а пасля выбараў ужо не задавальняюць ні накладныя, ні іншыя дакументы, пачаліся штрафы і канфіскацыі. Людзі баяцца за свой тавар, і былі вымушаныя закрыцца. Апоўдні гандаль павінен быць у самым разгары, але мы закрыліся. Мы не давалі кантралёрам запаўняць дакументы, прасілі АБЭЗ і падатковую інспекцыю выйсці з ралетаў", — адзначыла яна, дадаўшы, што праверкі таксама ідуць на суседнім рынку "Скарб".


Пасля безвыніковай сустрэчы з адміністрацыяй рынку прыблізна 100 прадпрымальнікаў рушылі ў гарадскую падатковую інспекцыю, запэўніўшы, што яны "нікога не аддадуць і нікому не дазволяць забіраць тавар".


Улады ведаюць аб тым, што сапраўдныя дакументы на тавары з Масквы беларускім прадпрымальнікам іх расійскія пастаўшчыкі не выдаюць, пракаментаваў БелаПАН старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Перспектыва" Анатоль Шумчанка. "Мы пра гэта папярэджвалі на форуме прадпрымальнікаў яшчэ ў пачатку гэтага года, — сказаў ён. — Мы папярэдзілі ўлады, што накладныя, якія даюць у Маскве, фальшывыя. Улады пачакалі, пакуль пройдуць выбары, а потым проста цынічна і нахабна, ведаючы аб праблеме накладных, замест таго каб яе вырашыць, пачалі гэтую сітуацыю выкарыстоўваць, каб папоўніць за наш кошт бюджэт".


"Уладам трэба было вырашаць пытанне з накладнымі, якія ў Расіі немагчыма атрымаць, а не закладваць эканамічную міну запаволенага дзеяння", — падкрэсліў Шумчанка.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН