Полацкія чыноўнікі запрасілі прадпрымальнікаў, якія страйкавалі, на размову

Полацкія індывідуальныя прадпрымальнікі, якія 16 кастрычніка абвесцілі стыхійны страйк і хадзілі да выканкама, дамагліся, каб чыноўнікі звярнулі на іх увагу.  17 кастрычніка з прадпрымальнікамі будзе размаўляць  намеснік старшыні Полацкага райвыканкама па эканамічных пытаннях Аляксандр Каладынскі



pradprym.jpg

Ілюстрацыйнае фота
Як паведамляла Еўрарадыё, праз два дні пасля прэзідэнцкіх выбараў падаткавікі і супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі распачалі праверкі індывідуальных прадпрымальнікаў. Іх цікавілі суправаджальныя дакументы на тавар. Пачаліся штрафы і канфіскацыі тавараў. У пятніцу прадпрымальнікі (каля 500 чалавек) вырашылі супраціўляцца гэтаму, аб'явілі страйк, 100-150 чалавек хадзілі да падатковай інспекцыі, а пасля — да выканкама.
На думку старшыні рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Перспектыва” Анатоля Шумчанкі, улады мусяць пайсці насустрач прадпрымальнікам, бо інакш страйк будзе працягвацца. Тое самае кажа Еўрарадыё і прадпрымальніца Вольга, якая сёння ўдзельнічала ў акцыі:
“Нам сёння паведамілі ў падатковай, што мы мусім працаваць правільна, то бок, выконваць указ № 222, і ніхто нас кранаць не будзе. Але мы, і гэта ўсім вядома, не можам працаваць па гэтым указе, таму што нам Масква не дае легальныя дакументы [на тавар]. Атрымліваецца, што мы фактычна з’яўляемся злачынцамі ў сваёй краіне — займаемся кантрабандай. Падатковая сказала, што нас правяралі і будуць правяраць, і што ў кожнага свая праца. Але з іншага боку, калі суседа правяраюць і выносяць скрынкі, як можна збоку на гэта глядзець? Мы ж усе ў адной лодцы!”.
Нагадаем, паводле ўказу кіраўніка дзяржавы № 222, ІП павінны былі да 1 сакавіка 2015-га рэалізаваць астаткі прадукцыі легпрама, якая вывезеная з краін Мытнага саюза без дакументаў, што пацвярджаюць паходжанне і якасць тавараў. Аднак пазней прадпрымальнікам працягнулі тэрмін рэалізацыі тавараў без дакументаў, якія пацвярджаюць іх набыццё, да 1 студзеня 2016 года.
Паводле Еўрапейскага радыё для Беларусі