Мігальскі заклікаў Еўракамісію ўмяшацца ў скандал з беларускімі балельшчыкамі
Дэпутат Еўрапейскага парламента ад Польшчы Марэк Мігальскі заклікаў Еўракамісію, а таксама шведскія ўлады ўмяшацца ў скандал з беларускімі балельшчыкамі падчас матчаў чэмпіянату свету па хакеі на лёдзе ў Швецыі. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў офісе польскага еўрадэпутата.
Марэк Мігальскі.
Нагадаем, 3 мая падчас хакейнага матчу Беларусь — Чэхія беларускія фанаты вывесілі вялікі бел-чырвона-белы сцяг і харугву з выявай герба "Пагоня". Фанатам
паспрабавалі перашкаджаць паліцэйскія, аднак калі паміж імі завязалася бойка, на дапамогу беларусам прыйшлі шведскія фанаты. У выніку беларусы ўсё ж змаглі развесіць свае бел-чырвона-белыя сцягі, і
яны правіселі на трыбунах да канца матчу. Арганізатары чэмпіянату заявілі, што больш не пусцяць на трыбуны хакейнага стадыёна беларусаў з неафіцыйнай сімволікай. 5 мая на матчы Беларусь —
Славенія за спробу разгарнуць вялікі сцяг беларусаў, выкруціўшы рукі, вывелі са стадыёна.
"Бел-чырвона-белы сцяг — гэта традыцыйны сімвал Беларусі, сімвал незалежнасці і дэмакратыі, — гаворыцца ў звароце Мігальскага ў Еўракамісію.
— Гэта абуральна, што ў краіне, якая з'яўляецца членам Еўрапейскага саюза, падаўляюць вызваленчыя імкненні беларусаў і караюць людзей за выкарыстанне сваіх народных
сімвалаў".
У звароце да міністра замежных спраў і прэм'ер-міністра Швецыі Мігальскі падкрэсліў, што іх краіна, будучы ініцыятарам праграмы "Усходняе партнёрства",
"павінна стаяць на варце выканання правоў чалавека ў Беларусі, падтрымліваць грамадзянскую супольнасць і дэмакратычныя змяненні ў гэтай краіне". "Тым больш, —
працягнуў дэпутат, — уражвае дыскрымінацыя беларускіх балельшчыкаў за іх адданасць дэмакратычным сімвалам падчас матчаў, якія праходзяць у Швецыі".
Таксама Мігальскі праінфармаваў аб здарэнні шведскіх дэпутатаў Еўрапарламента, якіх ён заклікаў "садзейнічаць усялякім чынам павазе беларускіх нацыянальных сімвалаў
падчас спартыўных мерапрыемстваў у Швецыі".
Польскі еўрадэпутат таксама звярнуўся з лістом да прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея (МФХ) Рэне Фазеля. "Як перадаюць незалежныя СМІ, менавіта МФХ прыняла рашэнне аб
забароне бел-чырвона-белага сцяга балельшчыкамі, бо палічыла яго палітычным сімвалам. Хачу вас праінфармаваць, што гэты сцяг не з'яўляецца сімвалам ніводнай палітычнай партыі. Гэта традыцыйны
гістарычны сімвал Беларусі, сімвал незалежнасці і дэмакратыі. Аляксандр Лукашэнка забараніў гэты сцяг, а за дэманстратыўную прыхільнасць гэтым народным сімвалам можна заплаціць свабодай. Хацелася б
звярнуць вашу ўвагу на той факт, што рэферэндум 1995 года, які ўвёў забарону на выкарыстанне сцяга ў Беларусі, суправаджаўся шматлікімі парушэннямі
і маніпуляцыямі".
Нагадаем Мігальскі сумесна з еўрадэпутатам ад Славакіі Петэрам Шцясным на глабальнай платформе www.сhange.org арганізавалі
збор подпісаў за перанос з Беларусі хакейнага чэмпіянату. Дакумент падпісалі каля 19 тыс. чалавек.
Андрэй Серада, БелаПАН