«Афіцыйны беларускі сцяг — таксама палітычны сімвал»

Шведскі друк надае ўвагу інцыдэнту з забаронай бел-чырвона-белага сцяга падчас матчаў чэмпіянату свету па хакеі ў Стакгольме



ab22a236_8236_438b_85be_c32eebb46a43_w640_r1_s.jpg

Многія выданьні (напрыклад, газэта Aftonbladet) цытуюць словы генеральнага сакратара нацыянальнай шведскай федэрацыі хакею Тоні Вірэна, які заявіў: «Быў узняты сцяг, які не з'яўляецца афіцыйным сцягам Беларусі, але увасабляе сабой іншую палітыку. Гэта было расцэнена як палітычнае паведамленне. Па правілах міжнароднай федэрацыі, якіх мы павінны прытрымлівацца, падчас спаборніцтваў на спартовай арэне не павінна быць ніякіх палітычных паведамленняў. На гэтай падставе сцяг быў выдалены».
 

Спадар Вірэн падкрэсліў, што рашэнне было прынятае як міжнароднай федэрацыяй, гэтак і нацыянальнай, як арганізатарам чэмпіянату. На пытанне, ці з'яўляецца гэтае рашэнне патураннем дыктатуры, старшыня шведскай федэрацыі адказаў:
 

«Тут няма чаго каментаваць, бо гэта не тое, што мы робім. Наша адзіная задача — пазбягаць палітычных паведамленняў падчас спаборніцтва. Гэта пазіцыя, якой мы будзем прытрымлівацца».
 

«Гэта зусім дзіўна — мяркуе кіраўнічка праваабарончай арганізацыі Info Belarus Ізабэль Самэрфэльд — Сцяг з'яўляецца цалкам законным нацыянальным сімвалам Беларусі. Федэрацыя некрытычна прымае правілы дыктатарскага рэжыму і становіцца перад ім на калені».
 

Выданне 4News Mill апублікавала каментар шведскага медыяэксперта Міхаэля Сэндэра, які займаецца беларускімі пытаннямі. Прапануем вам гэты камэнтар у скароце:
 

Падчас хакейнага матчу ў пятніцу паміж Беларуссю і Чэскай Рэспублікай, адбылося тое, што ў дэмакратычным грамадстве, як правіла, немагчыма. Гэта не рэдкасць падчас матчаў, што паліцыя прымае меры супраць хуліганаў для падтрымання грамадскага парадку. Але на гэты раз ўмяшалася, калі не было ніякай пагрозы бяспецы, ніякіх непрыемных паводзінаў. Некаторыя заўзятары (даволі шмат, на самой справе) паднялі бел-чырвона-белыя сцягі. Не, не свастыка, усяго тры паласы — белая, чырвоная і белая. Паліцыя была выклікана  арганізатарамі матчу — шведскай хакейнай федэрацыяй.
 

Што гэта за сцяг, які гэтак перашкаджае шведсккай федэрацыі хакею? Гэта нацыянальны сцяг, які быў у Беларусі дзяржаўным, калі там была дэмакратыя. Ён быў скасаваны ў 1995 годзе падчас рэферэндуму, які выклікаў рэзкую крытыку. Большая частка насельніцтва і міжнародная супольнасьць ніколі не прызнавалі той рэферэндум легітымным. Таму для многіх беларусаў бел-чырвона-белы сцяг застаецца адзіным законным беларускім нацыянальным сімвалам. Для іх новы чырвоны-зялёны сцяг — гэта сімвал фальсіфікацыі выбараў, маніпуляцыі сродкамі масавай інфармацыі і прыгнёту.
 

Шведскія СМІ, здаецца, не адрэагавалі на інцыдэнт. Паводле СМІ пазіцыя шведскай федэрацыі хакею палягае ў тым, што бел-чырвона-белы сцяг з'яўляецца палітычным сімвалам, і таму яму ня месца падчас спартовага спаборніцтва. Мне б вельмі хацелася б, каб прадстаўнік федэрацыі пацвердзіў ці абвергнуў гэтую абсурдную пазіцыю публічна. Зразумела, што нацыянальны сцяг з'яўляецца палітычным сімвалам. Любы нацыянальны сцяг ім з'яўляецца. Цяперашні афіцыйны беларускі сцяг — таксама моцны палітычны сімвал, і ён сімвалізуе менавіта тое, чым займаецца шведская федэрацыя — палітычную дыскрымінацыю і цэнзуру.
 

Але ёсць яшчэ больш цікавае пытанне. Вы сапраўды верыце, што федэрацыя настолькі добра абазнаная ў беларускай гісторыі, што яе прадстаўнікі самі падчас матчу вызначылі, што бел-чырвона-белы сцяг з'яўляецца палітычным сімвалам і патэлефанавалі ў паліцыю? Я думаю, што не. Я думаю, што яны былі папярэджаны. Кім? Напэўна, не генэральным сакратаром ААН і не праваабаронцамі. У Беларусі ідзе прамая трансляцыя матчаў чэмпіянату дзяржаўнымі тэлеканаламі, на якіх не дазваляецца ніякая крытыка рэжыму. Аляксандр Лукашэнка сам фанат хакею і, верагодна, не прапусціць ніводнай гульні чэмпіянату. Калі ён убачыць мора бел-чырвона-белых сцягоў, калі будзе ведаць, што ўсё беларускае насельніцтва будзе бачыць гэта ў прамым эфіры... Ён не будзе скакаць ад захаплення — гэта дакладна. І нешта мне падказвае, што яго меркаванне мае непрапарцыйна вялікі ўплыў на тое, што адбылося на стадыёне.
 

Беларусь з'яўляецца падзеленай краінай. Калі вы хочаце быць па-над палітыкай, вы выступаеце на адным з бакоў канфлікту. Падвяргаючы цэнзуры бел-чырвона-белы сцяг, Шведская хакейная федэрацыя ўзяла бок Лукашэнкі. Калі федэрацыя хоча сапраўды быць палітычна нейтральнай, яе прадстаўнікі павінны публічна абвясціць учорашні інцыдэнт непаразуменнем і адмовіцца ў будучыні ад любых формаў цэнзуры. Я таксама лічу, што шведскай дэмакратыі было б карысна высветліць, хто стаяў за гэтай абразлівай поўхай свабодзе выказвання.

Радыё Свабода