Мікалай Халезін: «Лукашэнка арыштуе ўсіх, хто вернецца»

Адзін з кіраўнікоў Беларускага Свабоднага тэатру, грамадскі дзеяч Мікалай Халезін папярэджвае ў размова са «Свабодай» пра «радыкальны адток прафесіяналаў з пратэснага руху, калі найбліжэйшым часам вядучыя гульцы і іх структуры не пяройдуць у рэжым пошуку кансалідуючых крокаў і максімальнай прафесіяналізацыі дзейнасці».

f5503348_d92b_4ca6_8887_0acb647f4731_w1023_r1_s_1.webp


Пра пратэсны рух і знешнепалітычную стратэгію

— Пачну размову з твайго папераджальнага паста ў тэлеграме пра тое, што «калі найбліжэйшым часам вядучыя гульцы і іх структуры не пяройдуць у рэжым пошуку кансалідуючых крокаў і максімальнай прафесіяналізацыі дзейнасці, нас чакае радыкальны адток прафесіяналаў з пратэснага руху, якіх у ім і гэтак крайне мала». Патлумач, калі ласка, праблему, якую ты бачыш.

— Як пачаўся пратэсты рух? Гэты быў унікальны досвед для краіны, бо ён фармаваўся не са сталых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў, якія сябе ўжо зарэкамендавалі, а з людзей, якія змянілі фармат. Яны змянілі той слой, які быў бы павінен нараджацца пераемна, выходзіць з папярэдняга досведу палітычнай барацьбы і грамадскай дзейнасці. Таму ў гэтым пратэсным руху аказалася вельмі шмат людзей, нават абсалютная большасць, якія не мелі гэтага досведу, якія з аднаго боку не пазбеглі памылак, уласцівых дылетантам (хаця тут усё ж іншае слова патрэбнае), з другога боку яны прынеслі навізну — новыя фарматы працы, зусім новы погляд на грамадска-палітычны рух і гэтак далей. Сыходзячы з гэтага і атрымалася тая канфігурацыя, у якой мы аказаліся.

Калі браць нейкія прафесійныя віды дзейнасці — арганізацыя масавых акцый, то тут плюс — больш новага, больш сюрпрызаў для ўладаў, якія не змаглі разбіць рух, як гэта было ў 2006, 2010 гадах. У гэтай сферы навізна спрацавала, і ў іншых сферах — замежнапалітычнай дзейнасці, фармуляванні задач і нейкіх сэнсаў мы спазняемся. Не паспявае пратэснае грамадства ўсвядоміць усе выклікі, адрэагаваць на іх і прапанаваць актуальны парадак дня. У нас разрыў паміж карыснай унікальнасцю і нястачай досведу.

Пра актыўнасць у замежжы

— Пратэсты адбываюцца ў Беларусі. Гэта натуральная з’ява, там гарызантальнае кіраванне, а людзі, якія выпрацоўваюць знешнепалітычныя стратэгіі, з большага ўсе за мяжой, некаторая частка ў Беларусі, але магчымасці там даволі абмежаваныя. Гэтая засцярога тычыцца гэтай часткі?

— Безумоўна, калі мы гаворым пра гэты блокчэйн-пратэст, які таксама многія крытыкуюць за міралюбства. Я якраз прыхільнік гэтага мірнага падыходу, бо я разумею, што тую ўладу, якая ёсць, сілай не пераможаш, ці гэта павінна быць такая сіла, якой у нас цяпер няма і быць апрыёры не можа. Так, пратэст развіваецца гарызантальна, у яго ёсць свае лідары, ёсць элементы, якія стабілізуюць яго.

Беларускі свабодны тэатр грае ў дварах. Прыязджае ў двор і кантактуе з чалавекам, які ў гэтым двары адказвае за арганізацыю. За бяспеку адказвае іншы чалавек, які кажа, што тут стаіць мікрааўтобус, і калі будзе небяспека, садзіцеся ў мікрааўтобус і вас адвязуць, а мы стрымаем часова людзей, якія будуць спрабаваць вас затрымаць. Гэта адладжаная праца ўнутры двароў, якая не патрабуе ўмяшальніцтва палітыкаў ці грамадскіх дзеячаў. Гэта самаарганізацыя вельмі высокага ўзроўню.

А калі мы гаворым пра вонкавую палітыку і пра тое, як выбудоўваецца вектар узаемаадносінаў са светам цяпер, то тут ёсць спазненне. Ёсць розныя цэнтры, кожны з гэтых цэнтраў вядзе нейкую сваю працу, часам не каардынуючы з іншымі цэнтрамі.

У мяне адчуванне, што мы пражываем гэтую «фазу эга», калі ўнутры нейкага грамадскага ці палітычнага руху ўзнікае розніца інтарэсаў. Працэс запушчаны, пайшоў і кожны пабачыў сябе ў нейкай ролі. Адна справа, калі ён пабачыў сябе ў рабочай ролі ўнутры арганізацыі гэтага руху, іншая справа, калі пабачыў сябе на нейкай пасадзе ў гіпатэтычным транзіце ўлады (калі гэта адбудзецца, ён стане міністрам ці кімсьці яшчэ). Маё адчуванае, што мы падышлі да гэтай фазы. Яе не мінуць, безумоўна. Кожны выбудоўвае сваю стратэгію, бо гэта людзі ініцыятыўныя, якія ў асноўным заўсёды былі паспяховыя. Атрымліваецца, што яны неяк выглядаюць сваю нішу, сваё месца ў будучым.

Пра гэта рана гаварыць з двух прычынаў. Першая — гэта дэмаралізуе іншых людзей. Другая — трэба дакладна ўсвядоміць, што, як толькі наступіць транзіт улады, палітычнае поле цалкам перафарматуецца. Мы ўбачым, што адбываецца ўвогуле новая гісторыя Беларусі і нас усіх. У тым выглядзе як цяпер, гэта не захаваецца. Немагчыма ўявіць, што ўсе «гульцы палітычнага поля», якія ёсць цяпер, зоймуць свае месцы і працягнуць працу. Не. Так не будзе. Сёння турмы поўныя турмы такіх жа ініцыятыўных і таленавітых людзей, і яны з’явяцца. Плюс новыя людзі, якія вернуцца ў Беларусь з эміграцыі. Гэта і тыя, хто сёння сябе яшчэ актыўна не праявіў, але ў каго ёсць рэсурсы для таго, каб паўдзельнічаць у палітычнай барацьбе.

 

Пра адзінства

— Улада зацікаўленая, каб не было адзінства ў шэрагах людзей, якія прагнуць пераменаў. Як у такі драматычны час можна быць канструктыўным, крытычным і захаваць адзінства ў супрацьстаянні з моцным праціўнікам?

— Гэта выклік, на які трэба адказаць. Гэта вельмі моцнае намаганне. Мы павінны настолькі адключыць сваё асабістае і настолькі ўзняць узровень свайго грамадскага, каб прымаць рашэнне, сыходзячы толькі з краіны, а не з таго, што выгадна нам. У выніку гэта і прывядзе да рэалізацыі сваіх амбіцый. Гэта цяжка рабіць, адзінкі на гэта здольныя, але гэта не значыць, што нам не трэба шукаць гэты маршрут, і мы абавязаныя яго знайсці. Калі сёння ўсе засумняюцца ў Ціханоўскай ці Латушку, пасыплецца ўсё. Тут няма асобнай гісторыі. У выпадку, калі падае адзін, падаюць усе.

 

Пра вяртанне ў Беларусь

Ёсць прапанова метадолаг Уладзімера Мацкевіча і заклік сябра Каардынацыйнай Рады Андрэя Курэйчыка пра неабходнасць падрыхтоўкі вяртання і масавай сустрэчы ў Беларусі Святланы Ціханоўскай, на якія з большага рэакцыя «навошта, яе адразу пасадзяць», але і ёсць аргументы таго ж Мацкевіча і Курэйчыка пра бесперспектыўнасць доўгага знаходжання за мяжой і неабходнасці моцнага кроку з боку дэмакратычных сілаў. Твая пазіцыя?

— Я кантактаваў з Юляй Слуцкай праз zoom, і яна ані слова не сказала пра тое, што ляціць у Мінск. Праз некалькі дзён яе арыштавалі на лётнішчы ў Беларусі. Я не веру ў тое, што Лукашэнка не арыштуе ўсіх, хто прыляціць. Хай гэта будзе 100 чалавек. Сядзіць 160 палізняволеных. Будзе 260 палітзняволеных. Што гэта зменіць? Нічога. Толькі агаліць знешнепалітычную сферу, якая другая па важнасці пасля ўнутраных пратэстаў. Я ведаю, што сёння трэба аб’ядноўвацца, узгадняць пазіцыі, прафесіяналізавацца. Трэба дакладна размежаваць паўнамоцтвы і адказнасць.

Умоўна кажучы, калі сёння людзі займаюцца санкцыямі, гэта не можа быць 25 групаў, кожная з якіх прысылае сваю інфармацыю ў ЕС, у юрыдычныя структуры. І там кажуць, што не будуць разглядаць усе 25, бо не ведаюць, якія прафесійныя. Калі рухаць пытанне санкцый, то павінен быць дакладны прафесійны кірунак і людзі, з якіх спытаць, што зроблена, чаму гэта ці то не зроблена, і калі будзе зроблена. На сёння існуе шэраг групаў, якія вядуць сваю знешнепалітычную дзейнасць, размаўляюць з урадамі і міжнароднымі структурам, і ніхто не ведае, пра што гаворыць іншы.

— Да каго гэты заклік кансалідавацца? Да якіх структураў?

— Гэта штаб Ціханоўскай, НАК Паўла Латушкі, прэзідыум Каардынацыйнай рады, у якім таксама і Павал, вялікая група «Беларусы замежжа», група аналізу, якая сядзіць у Варшаве, група, якая знаходзіцца ў Лондане і рыхтуе усе праекты па санкцыям, гэта частка ІТ-сектару, якая супрацоўнічае з усімі. Магчыма, калі ёсць у Валера Цапкалы свая вялікая група, то і яна. Гэтыя людзі павінны паміж сабой дамовіцца пра зоны адказнасці, выпрацаваць стратэгію і рухацца вельмі моцным і больш прафесійным фронтам, а не аматарскім нашэптваннем розным палітычным колам у свеце нейкіх сваіх павестак, якія могуць быць часам дзіўнымі.



Хто можа ўздзейнічаць на рэжым 

— Пасля кароткай перадышкі на святы ўлады ўзмацняюць рэпрэсіі, і нядаўні гвалт у Новай Баравой сведчыць пра тое, што ізноў задзейнічаны сцэнар, які прывёў да гібелі Рамана Бандарэнкі. Следчы Андрэй Астаповіч у эфіры Свабоды Premium распавёў шэраг жорсткіх захадаў — падрыхтоўка кампрамату на кожнага следчага, рыхтаваныя лагеры для нязгодных. Крокі па набліжэнні да паўночна-карэйскага варыянту ў цэнтры Еўропы. Што гэтаму можна супрацьпаставіць?

— Будзе расці градус рэпрэсій. Адзінае, што гэтаму можна супрацьпаставіць — прасоўванне ў свеце і дакладную стратэгію ўзаемаадносінаў з ЕС, ЗША, Расіяй. Дакладная стратэгія, якая б прывяла да ціску на ўладу, які б яна не вытрымала. Іншага выбару ў нас няма. Людзі ў Беларусі трымаюцца, а калі мы знаходзімся звонку, то мы абавязаныя стварыць тую мадэль, якая будзе прасоўваць узмацненне ціску ўсяго свету. Можна шмат казаць, што санкцыі не працуюць, і крытыкаваць ЕС, але істэрыка ўладаў, істэрыка «кашалькоў» рэжыму і сілавікаў — безумоўная. На сёння пад пагрозай забеспячэнне ўсіх гэтых людзей сродкамі, і Лукашэнка гэта, як ніхто, разумее. Калі гэты ціск не будзе скаардынаваны паміж гэтымі трыма субʼектамі — ЕС, ЗША і з вялікай доляй агаворак Расіяй, то нічога не адбудзецца.