Мікалая Аўтуховіча пазбавілі спаткання з маці
Мікалая Аўтуховіча пазбавілі спаткання з маці, але прынялі ў яе харчовую перадачу для сына.
У лістападзе ў Мікалая Аўтуховіча планавалася спатканне са сваякамі, але калі маці палітвязня Лідзія Юльянаўна прыехала ў гарадзенскую турму, каб спаткацца з сынам, то даведалася, што спатканне забаранілі. Чаму, спытаў карэспандэнт Свабоды ў Лідзіі Аўтуховіч.
«Адкуль жа я ведаю? Не кажуць. Гэта іх права такое: хочуць — дазваляюць спатканне, не хочуць — не дазваляюць. Што хочуць, тое і робяць. Не далі — і ўсё. Добра, хоць перадачу прынялі. 30 кілаграмаў. Прадукты ды рэчы. Усё цяжкае, што ні купі, усё нешта важыць. Шмат не возьмеш. А бачыла я сына ажно мінулым годам і ўжо, відаць, ў гэтым годзе ня ўбачу, да вызвалення не ўбачу, пэўна. Толькі засталося, што ліставацца. Чакаю яго, канечне. Яго шмат хто чакае, а маці — тым больш».
Асуджаны на 5 гадоў і 2 месяцы Мікалай Аўтуховіч адбывае пакаранне ў гарадзенскай турме, адкуль мае вызваліцца ў красавіку наступнага году. Сваякі і праваабаронцы непакояцца пра тое, як ён перажыве зіму. Мінулай зімой, паводле Мікалая Аўтуховіча, яму даводзілася спаць у шапцы і нават днём было гэтак холадна, што цяжка было пісаць лісты. Пра гэта апавяла Вольга Мікалайчык, грамадская актывістка, рэжысёрка, з якой Мікалай Аўтуховіч лістуецца.
Прадпрымальніка з Ваўкавыску Мікалая Аўтуховіча асудзілі за захоўванне некалькіх патронаў. Праваабаронцы і апазіцыя лічаць Аўтуховіча палітвязнем, якога пакаралі за барацьбу з карупцыяй ва ўладзе.