Прысуд Яроменку пакінулі ў сіле

Былога палітвязьня Уладзімера Яроменка ў любы час могуць зноў забраць за краты.



yaromienka.jpg

Такое рашэнне сёння ўхваліў Мінскі гарадзкі суд, які адхіліў скаргу Яроменкі на прысуд Першамайскага раённага суда.
Яроменка збіраецца абскарджваць гэтае рашэнне ў Вярхоўным судзе, але не верыць у станоўчы вынік.
20 жніўня Першамайскі суд Мінску прызнаў актывіста Маладога фронту Уладзімера Яроменку вінаватым у парушэнні правілаў прафілактычнага нагляду і асудзіў на 3 месяцы арышту ў арыштным доме.

Даведка Радыё Свабода — Уладзімер Яроменак


Уладзімір Яроменак нарадзіўся ў горадзе Мёры 4 верасня 1990 года. Пасля заканчэння сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.
Удзельнік Плошчы-2010. Затрыманы супрацоўнікамі спецслужбаў на наступны дзень, 20 снежня 2010 г., пасля пікету салідарнасці з палітзняволенымі каля Дому ўраду. За гэта быў асуджаны на 15 сутак арышту, які ён адбыў у Жодзінскай турме. Пасьля выхаду адтуль быў выкліканы ў якасці сведкі на допыт у КДБ, які скончыўся 7-сутачным арыштам на Акрэсціна. 28 студзеня 2011 г. арыштаваны ў трэці раз, цяпер ужо як падазраваны па справе аб масавых беспарадках. Змешчаны пад варту ў СІЗА КДБ.
Яроменку было выстаўлена абвінавачванне паводле крымінальнага артыкулу пра масавыя беспарадкі. 14 траўня 2011 года судом Партызанскага раёну Мінску асуджаны на 3 гады зняволеньня. Адбываў пакаранне ў калоніі «Віцьба» пад Віцебскам.
11 жніўня 2011 года Яроменак быў памілаваны Лукашэнкам і вызвалены.

svaboda.org