Мікола Статкевіч з турмы рыхтуе кнігу «Шлях волі»
Пра гэта «Свабодзе» паведаміла Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча. Паводле Марыны Адамовіч, у апошнім лісце Мікалай Статкевіч нагадаў пра варты да ўключэння ў кнігу артыкул, які быў напісаны ў 2007 годзе.
Мікалай Статкевіч
«Артыкул называўся, здаецца, “Жорсткая какетка і прастак”. Гэта пра адносіны Еўропы з Беларуссю. Тады пачалася гэтак званая лібералізацыя, і Мікола лічыць, што артыкул зноў набыў актуальнасць», — адзначыла жонка Мікалая Статкевіча.
Марына Адамовіч з сябрамі Мікалая Статкевіча зараз шукае ягоныя артыкулы ў друкаваным выглядзе па бібліятэках ды іншых крыніцах.
«Будзем пераводзіць іх у электронны выгляд і рыхтаваць да друку. Пакуль зроблена недзе палова працы, таму прадказваць, калі адбудзецца выхад кнігі,
не бяруся. Хацелася б, каб хутчэй і каб сам Мікола змог яе прэзентаваць», — сказала Марына Адамовіч.
Паводле Марына Адамовіч, у кнігу будуць уключаныя і тыя развагі на актуальныя тэмы грамадска-палітычнага жыцця, якія Мікалай прысылае ў сваіх лістах
з магілёўскай турмы.
Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволення нібыта за арганізацыю беспарадкаў 19 снежня 2010 года.
Палітык сваёй віны не прызнаў і заявіў у судзе, што гэта быў законны мітынг пратэсту супроць фальшавання прэзідэнцкіх выбараў. Другі год Мікалая Статкевіча трымаюць
як злоснага парушальніка рэжыму ў закрытай турме.