Сацінтэрн заклікаў беларускія ўлады вызваліць і рэабілітаваць палітзняволеных

Міжнародная няўрадавая арганізацыя "Сацыялістычны інтэрнацыянал" (Сацінтэрн) заклікала беларускія ўлады вызваліць і рэабілітаваць палітзняволеных, сярод якіх і Мікалай Статкевіч — старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), якая з'яўляецца членам Сацінтэрна.



d33tt_w465h262.jpg

Пра гэта гаворыцца ў дэкларацыі, прынятай паводле вынікаў пасяджэння камітэта Сацінтэрна для краін СНД, Каўказа і Чарнаморскага басейна, што адбылося 3–4 чэрвеня ў Тбілісі (Грузія). Дакумент апублікаваны на афіцыйным сайце арганізацыі www.socialistinternational.org.

Камітэт Сацінтэрна выказаў "абсалютную салідарнасць з народам Беларусі ў яго імкненнях да свабоды, дэмакратыі, незалежнасці і захавання нацыянальнай ідэнтычнасці". Аўтары дэкларацыі са шкадаваннем адзначылі "працяг сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека кіруючым рэжымам" Беларусі. Яны заклікалі беларускія ўлады спыніць пераслед лідараў апазіцыі і стаць на шлях лібералізацыі.


На пасяджэнні камітэта Сацінтэрна ад Беларусі прысутнічалі Марына Адамовіч, жонка Мікалая Статкевіча, і намеснік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Барысаў.


Як адзначаецца ў дэкларацыі, партыі — удзельнікі Сацінтэрна з краін СНД, Каўказа і Чарнаморскага басейна сабраліся разам, каб "вызначыць прыярытэты і задачы сацыял-дэмакратыі ў гэтых рэгіёнах, пацвердзіць у першую чаргу іх непахісную прыхільнасць захаванню адзінства і цэласнасці ў сусветнай палітычнай сям'і".


Паводле звестак за 2009 год, членамі Сацінтэрна з'яўляюцца 156 партый з 126 краін. У іх ліку 116 партый — паўнапраўных членаў з вырашальным голасам, 26 арганізацый у статусе кансультатыўных членаў з правам дарадчага голасу, а таксама 14 партый-назіральнікаў. Галоўным праграмным дакументам, які абвяшчае найважнейшымі палітычнымі каштоўнасцямі свабоду, справядлівасць і салідарнасць, з'яўляецца Стакгольмская дэкларацыя прынцыпаў.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН