Мілата дня: У Жодзіне жыве вожык, якога назвалі ў гонар Сцяпана Латыпава
Крыху больш за год таму ў Мінску жодзінцы Вольга і Аляксандр купілі для сваіх дзяцей афрыканскага вожыка, і першыя месяцы ён жыў без імя.
— Мы ніяк не маглі знайсці імя, якое яму сапраўды падыходзіць. Наш вожык вельмі добры, нават інтэлігентны, у параўнанні з іншымі прадстаўнікамі гэтай пароды вожыкаў — так кажа наш ветэрынар, — распавяла EX-PRESS.BY жыхарка Жодзіна Вольга.
А некалькі месяцаў таму вожык стаў Сцёпам. Назвалі яго ў гонар палітвязня Сцяпана Латыпава; у сям'і, паводле слоў дзяўчыны, захапляюцца яго гераічнай асобай.
— Даведаліся пра тое, што Латыпаў — вялікі аматар жывёл, у яго нават ёсць некалькі вожыкаў і адзін з іх такі ж, афрыканскай пароды. Наш вожык тут жа стаў Сцяпанам, — кажа Вольга. Цяпер яе сям'я піша Латыпаву лісты і вельмі спадзяецца, што хутка ён будзе на волі.
***
Сцяпан Латыпаў быў затрыманы каля вядомага мурала з «дыджэямі перамен» у верасні 2020-га. Яго абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак, і махлярстве ў асабліва буйным памеры. Палітвязень не прызнаў віну, заявіў аб невыносных умовах у зняволенні, пагрозах на адрас родных. У знак пратэсту паспрабаваў перарэзаць сабе горла ў зале пасяджэння.