Міліцыянты прадалі тэлефон віцебляніна Барыса Хамайды, пакуль ён адбываў 20-сутачны арышт

Актывіст Барыс Хамайда быў затрыманы ў Віцебску 15 сакавіка. Учора, 4 сакавіка, Хамайда выйшаў на волю пасля 20-сутачнага арышту. Ён распавёў праваабаронцам, што затрымалі яго на месцы, дзе ён звычайна распаўсюджвае беларускую літаратуру, а асудзілі за «несанкцыянаванае пікетаванне».

b6a0dcc56b3929e09dbe6dac6a4485bd_xl.jpg

«Я стаяў на звычайным месцы, пад’ехаў падпалкоўнік міліцэйскі, прозвішча я ў яго не спытаў. Ён пачаў разглядаць, з чым я стаю. Убачыў кніжкі, столік, а ў мяне там ужо некалькі гадоў, як была там начэпленая жоўта-блакітная стужка. Дагэтуль нікому справы не было, і раптам ён заўважыў. І кажа: «Я вас прашу, зніміце гэтую стужку!» Я адмовіўся, сказаўшы, што ў гэты момант ва Украіне пад абстрэламі гінуць дзеці, жанчыны, ідзе захопніцкая вайна, і таму нічога здымаць не буду», — расказаў Барыс Хамайда.

Барыса затрымалі, калі ён збіраўся ўжо сыходзіць. У РУУСе ў заплечніку актывіста знайшлі БЧБ-стужку, а таксама дзве нашыўкі з украінскай сімволікай. У выніку, у пратаколе, складзеным паводле арт. 24.23 КаАП, міліцыянты напісалі, што Барыс пікетаваў дзвюма стужкамі: бел-чырвона-белай і блакітна-жоўтай.

На наступны дзень віцебская суддзя Алена Цыганкова арыштавала Барыса на 20 сутак.

«Суддзя была ў сваім кабінеце, я перад камп'ютарам у ІЧУ. Я адразу сказаў ёй, што не буду ўдзельнічаць у гэтым цырку, павярнуўся спінай да кампʼютара, тварам да сцяны, і маўчу. Суддзя крычыць «Барыс Ханонавіч, я вас пакараю за непавагу да суду!» Тут я адзінае, што сказаў: «Ну і прыцягвайце. Адсяджу і за гэта!». Так суд і прайшоў, я практычна нічога не сказаў», — узгадвае віцебскі актывіст.

Падчас арышту Барыс сядзеў з беларусамі, якія выказаліся супраць вайны ва Украіне.

«Па маіх падліках, у ізалятары ў адзін час са мной за «палітыку» сядзелі яшчэ 9 чалавек. Прозвішчы я называць не буду, згадаю хіба некалькі прыкладаў. Сядзелі там двое жыхароў Мінска, якія прыехалі ў Полацк, каб паглядзець горад. А тут пачалася вайна, і яны выйшлі да гатэля «Дзвіна» з плакатам «Не вайне», ім далі па 30 сутак. Сядзеў разам з расонскім хлопцам, яму, як і мне, прысудзілі 20 сутак — за тое, што напісаў зварот у райвыканкам супраць вайны. Яшчэ быў хлопец з Віцебска, які напісаў антываенны верш і размясціў у сацыяльных сетках. Яму прысудзілі 12, здаецца, сутак. З Наваполацку мужчыну асудзілі на 30 сутак за тое, што падчас рэферэндуму нібыта правёў пікет… Карацей, вельмі шмат цяпер неабыякавых людзей», — расказаў Барыс.

Пасля выхаду з ізалятару актывіста павезлі на прафілактычную гутарку і папярэдзілі, што калі яго затрымаюць у трэці раз па адміністрацыйным артыкуле, то распачнуць супраць яго крымінальную справу.

️Акрамя гэтага, «кнопачны» тэлефон, які суддзя пастанавіла вярнуць Барысу пасля арышту, міліцыянты прадалі за 15 рублёў яшчэ да яго вызвалення, а гэтыя грошы, па іх словах, пайшлі на аплату мінулых штрафаў. Таксама Хамайда распавёў, што пакуль ён быў у ізалятары, міліцыянты без дазволу зарэгістравалі яго ў Telegram.