Мінчукі ратуюцца ад спёкі (шмат фота)
Пакуль метэаролагі гадзіну за гадзінай змяняюць колер небяспекі надвор'я, прапануем вам паглядзець, як Мінск перажывае гэты спякотны панядзелак.
Звычайна пачатак лета мінчукоў і гасцей сталіцы трымае ў тонусе — можа тыднямі насіць куртку з каптуром, а потым за пару гадзін пераапрануцца ў шорты. Пакуль усё ідзе кананічна: лета павінна быць летам, і на думку шматлікіх грамадзян гэта значыць «спякотным». Ну што ж, хацелі, марылі — атрымлівайце, і не енчыце, што вельмі спякотна.
Насамрэч, яшчэ ўчора на лецішчах ды ўвогуле па-за горадам, а яшчэ ля вады гэтыя +30 і вышэй вытрымліваюцца даволі нядрэнна. Трэба толькі памятаць пра магчымыя апёкі скуры і сонечныя ды цеплавыя ўдары... А так — нічога нязвыклага! Вядома, калі такія тэмпературы выпадаюць на выходныя, тады большасць з нас імкнецца да вадаёмаў, дзе і атрымлівае свой кавалачак лета і шчасця без аніякіх шматгадзінных пералётаў ды трансфераў (не забыліся яшчэ, што гэта такое?).
А вось у працоўны дзень такая тэмпература адразу становіцца пеклам для тых, хто яшчэ мае працу ці нейкі іншы занятак, і не можа дазволіць сабе раскошу наведаць пляж у панядзелак. Шчыра спачуваем, бо самі такія!
Нагадваем, што спёка працягнецца яшчэ не адзін дзень, чакаюцца і навальніцы. Вельмі раім памятаць аб мерах уласнай бяспекі падчас такога надвор'я, а таксама пра тое, што ўсё праходзіць. І гэта пройдзе таксама!