Мінгарвыканкам забараніў пікетаваць Мінабароны
Мінгарвыканкам забараніў правядзенне 29 кастрычніка пікету каля Міністэрства абароны з нагоды сітуацыі ў беларускім войску, у тым ліку дзедаўшчыны і загадкавых смерцяў вайскоўцаў.
Адпаведны адказ 21 кастрычніка атрымаў намеснік старшыні Сацыяльна-хрысціянскага руху Максім Гацак.
“Адмова была чаканай. Афіцыйная прычына — недазволенае месца правядзенне. Але іншага месца для пікету супраць дзедаўшчыны, як побач з Мінабароны, і быць не можа. Тым больш, што ўлады неаднаразова забаранялі акцыі па гучных справах нават у дазволеных месцах. Недэмакратычны закон працягвае аберагаць беларускіх чыноўнікаў ад незадаволенасці грамадзянаў, ствараючы ілюзію, што іх дзеянні ўсе падтрымліваюць”, — адзначыў Максім Гацак.
Нагадаем, што заяўка на пікет была пададзеная 13 кастрычніка. У гэты ж дзень прадстаўнікі кіраўніцтва Сацыяльна-хрысціянскага руху і Беларускай хрысціянскай дэмакратыі перадалі ў Мінабароны зварот, у тым ліку з заклікам расследаваць сітуацыю з загадкавымі смерцямі ў войску.
Паводле прэс-службы "Сацыяльна-хрысціянскага руху"