Былы гулец БАТЭ распавёў, як яго білі ў вайсковай частцы ў Печах
Былы футбаліст БАТЭ і «Нёмана» Генадзь Мардас распавёў, як служыў у вайсковай частцы ў Печах.
Зрабіў ён гэта пасля таго, як уся Беларусь даведалася пра трагічную смерць салдата Аляксандра Коржыча. Праўда, Мардас трапіў у Печы ў канцы 1980-х, яшчэ пры Савецкім Саюзе. Прызвалі яго з дубля мінскага “Дынама”. У інтэрв’ю “Прессболу” былы футбаліст распавёў, што было цяжка “і фізічна, і псіхалагічна”. Ён наракае на кепскае харчаванне, ад якога ванітавала, на недасыпанне. Згадвае пра дзедаўшчыну.
“Сяржанты здзекаваліся, але з дзедаўшчынай усё было нармальна, — распавядае Генадзь Мардас. — Цяпер чытаю гісторыі, што кагосьці просяць форму пасціраць, боты начысціць, накарміць — у нас такога не было… Часам уначы падымалі. Асноўнае — гэта “фанера для агляду”. Білі не ў твар, а ў грудзі. Мне таксама даставалася. Галоўнае, каб сінякоў не было. Але там ведалі, куды і як біць”.
"Печы лічыліся адной з самых строгіх частак СССР. Першы час было складана. "Духі, вешайцеся!" — усё па класіцы. У вучэбнай роце было чалавек сто, спаць нам не давалі зусім. Калі чатыры гадзіны паспаў — добра. А харчаванне... Мяне ў першы ж дзень званітавала. Далі нешта накшталт кашы і мяса — не мяса, нейкую сумесь. Трохі паспрабаваў — хана. Толькі на другі ці трэці дзень стаў пакрыху хлеб есці. А паколькі гэта рабіць можна было толькі ў сталовай, то на свой страх і рызыку даводзілася выносіць хлеб у кішэнях. Недаяданне, недасыпанне — цяжка было. І фізічна, і псіхалагічна”, — прыгадаў спартовец.
Мардас прыгадвае, што ў Печы трапіў і футбаліст Аляксандр Лухвіч, але трэнер Эдуард Малафееў яго неўзабаве… абмяняў. Замест Лухвіча ў частку на службу адправілі іншага спартсмена.
Паводле euroradio.fm, www.pressball.by