Мінінфарм: беларуская «Медыязона» заблакаваная за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў
Міністэрства інфармацыі даслала пісьмовае паведамленне пра блакаванне mediazona.by. У лісце гаворыцца, што прычынай забароны доступу на тэрыторыі Беларусі стаў "распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай" і згадваецца забарона канала NEXTA Live.

У копіі загаду №362 ад 01.12.2020 аб абмежаванні доступу да сайта mediazona.by прыводзіцца рашэнне суда Цэнтральнага раёна Мінска аб прызнанні тэлеграм-канала NEXTA і яго лагатыпа экстрэмісцкімі. Пасля гэтага пазначана, што "разам з тым, з дапамогай інтэрнэт-рэсурсу mediazona.by распаўсюджваецца інфармацыйная прадукцыя, прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі рашэннем суда".
У копіі загаду Міністра інфармацыі Ігара Луцкага няма спасылак на канкрэтныя матэрыялы на сайце mediazona.by. Беларуская "Медыязона" не публікавала спасылкі на тэлеграм-канал NEXTA Live ці фота і відэа з лагатыпам канала пасля таго, як яны былі прызнаныя экстрэмісцкімі.
Паводле mediazona.by