Міністэрства ўнутраных спраў адмовіла віцебскім актывістам
Кіраўнік абласной структуры руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў звярнуўся ў МУС, калі атрымаў ад віцебскіх міліцыянтаў чарговую адмову на абслугоўванне масавай акцыі. Паводле адпаведнага рашэння гарвыканкаму, дазвол на акцыі можна атрымаць, толькі маючы такія дамовы.
"Нам напісалі з міліцэйскай управы, што дамову заключаць толькі пасля таго, як мы атрымаем дазвол з Першамайскай раённай адміністрацыі. А ў раённай адміністрацыі патрабуюць дамову ад пачатку. Так сфармулявана рашэнне гарвыканкаму №881 "Аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў у г.Віцебску": спачатку дамовы на абслугоўванне, інакш пра дазвол не будзе і гаворкі. Усё гэта я падрабязна напісаў у Міністэрства ўнутраных справаў. Маўляў, віцебскія міліцыянты парушаюць рашэнне гарвыканкаму. А ў адказ прыходзяць 5 сказаў: "Не, міліцыянты зрабілі ўсё слушна, парушэнняў заканадаўства няма", — тлумачыць Хрыстафор Жаляпаў.
Ён разам з Аляксеем Гаўруцікавым, аднапартыйцам Мікалая Статкевіча, ужо судзіўся з першай гарадской паліклінікай за адмову ад супрацоўніцтва. Галоўны ўрач таксама не стаў заключаць дамову з актывістамі, а Кастрычніцкі райсуд вырашыў, што і тут усе слушна — што ўстановы самі вырашаюць, ці хочуць яны заключаць дамовы на абслугоўванне, ці не.
Такім чынам, і суд, і Міністэрства ўнутраных справаў ускосна пацвердзілі, што патрабаванняў гарвыканкама актывістам не выканаць ніколі. І іхнае права на публічнае выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі так і застанецца нерэалізаваным.