Мінскі гарадскі суд пакінуў у сіле прыгавор Васілю Парфянкову
Мінскі гарадскі суд разгледзеў 28 студзеня касацыйную скаргу былога палітзняволенага Васіля Парфянкова на прыгавор суда Першамайскага раёна сталіцы ад 5 снежня 2013 года і пакінуў у сіле прыгавор першай інстанцыі.
Нагадаем, 5 снежня суд прызнаў Парфянкова вінаватым у парушэнні правілаў прэвентыўнага нагляду (арт. 421 Крымінальнага кодэкса): неаднаразовая няяўка для рэгістрацыі ў аддзяленне
міліцыі, прыход дамоў пасля 20.00. Парфянкова прыгаварылі да года пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму з прымусовым лячэннем ад хранічнага алкагалізму па месцы адбыцця пакарання.
Падчас сённяшняга судовага пасяджэння адвакат актывіста Вольга Безбародкіна заявіла, што рашэнне суда Першамайскага раёна з'яўляецца неабгрунтаваным, паколькі, на думку яе падабароннага, гэты
прыгавор быў вынесены за актыўную грамадзянскую пазіцыю, а ў аснову судовага рашэння былі пакладзеныя толькі паказанні сведак — супрацоўнікаў міліцыі. Паводле слоў адваката, падчас
суда першай інстанцыі яны настолькі "блыталіся ў паказаннях", што суду прыйшлося зачытваць іх словы.
Акрамя таго, адвакат заявіла хадайніцтва аб правядзенні стацыянарнай наркалагічнай экспертызы, паколькі, на думку Парфянкова, папярэдняе амбулаторнае абследаванне было праведзенае
"чыста фармальна". Менавіта заключэнне гэтай лабараторнай экспертызы стала падставай для прызначэння Парфянкову прымусовых мер бяспекі і лячэння. Аднак суд адхіліў гэтае
хадайніцтва.
У сваю чаргу, пракурор не згадзілася з довадамі абароны, заявіўшы, што суд першай інстанцыі поўна і ўсебакова даследаваў матэрыялы справы. Яна ўказала на тое, што бок абароны не аспрэчваў медыцынскае
заключэнне лабараторнай экспертызы ў судзе першай інстанцыі.
Цяпер апазіцыйны актывіст утрымліваецца ў следчым ізалятары ў Жодзіне (Мінская вобласць). Праваабаронцы лічаць, што адбываць пакаранне ён будзе ў папраўчай калоніі ў Горках (Магілёўская
вобласць).
У 2011 годзе Васіль Парфянкоў быў асуджаны ў рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года. Яго прыгаварылі да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі
строгага рэжыму, але ў жніўні таго ж года асуджаны выйшаў на волю на падставе ўказа прэзідэнта аб памілаванні. Пасля гэтага былы палітзняволены неаднаразова праследаваўся з боку
ўладаў.
Пераслед былога палітзняволенага праваабаронцы разглядаюць як помсту ўладаў і спробу ціску на грамадскіх актывістаў.
Арцём Шрайбман, БелаПАН