Бабруйск. Суддзя адмовіла пенсіянеркам у праве на юрыдычную дапамогу
27 студзеня суддзя суду Бабруйскага раёна і горада Бабруйск Магілёўскай вобласці Марына Шэлягіна не дапусціла ў судовы працэс прадстаўніка заяўнікаў, пенсіянерак з Бабруйску Валянціны Каваленка і Любоў Санкевіч.
6 студзеня яны звярнуліся ў суд са скаргай на Бабруйскі гарвыканкам, які 5 снежня адмовіў жанчынам ў праве на пікетаванне. Пенсіянеркі меркавалі правесці акцыю 10 снежня, у Дзень правоў чалавека, каб прыцягнуць увагу грамадства да парушэння грамадзянскіх правоў заяўнікаў і вырашыць набалелую праблему адпісак з дзяржаўных структураў і ад дэпутатаў парламенту на свае скаргі і скаргі сваякоў. А паколькі парламентарыі праігнаравалі інтарэсы людзей, жанчыны збіраліся выйсці на пікетаванне з плакатамі: “Дэпутаты Жанна Мішур і Мікалай Плаксіцкі не абараняюць правы і інтарэсы народа, а дагаджаюць чынавенству!”, “Чыноўнікі і дэпутаты схаваліся ад народа за плотам адпісак”.
Раніцай 27 студзеня на пачатку пасяджэння суду Каваленка і Санкевіч заявілі хадайніцтва , каб у судовы працэс, згодна з артыкулам 62 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, быў дапушчаны іх прадстаўнік. Прычым, паўнамоцтвы свайго прадстаўніка жанчыны пацвердзілі не толькі самі, але і праз натарыяльна засведчаныя даверанасці.
Аднак суддзя з улікам меркавання прадстаўнікоў Бабруйскага гарвыканкаму — начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры, спорту і па справах моладзі Мікалая Балюка і юрысконсульта Валянціны Дагокер — адмовіла заяўнікам.
У гэтай сітуацыі пенсіянеркі вымушаныя былі пакінуць залу судовых пасяджэнняў, бо без юрыдычнай дапамогі не бачылі мажлівасці адстойваць свае правы ў працэсе.
Каваленка і Санкевіч пакінулі ў кнізе заўваг і прапаноў суду адпаведны запіс і вырашылі звярнуцца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі са скаргамі аб незаконных захады суддзі Марыны Шалягінай, якая, на меркаванне жанчын, сваім дзеяннямі стварала няроўныя ўмовы для бакоў у працэсе.