Баранавічы: мясцовая ўлада хоча жыць без грамадскага кантролю

Баранавіцкі гарвыканкам забараніў прафсаюзнаму актывісту Рыгору Грыку правесці 26 студзеня пікет пад лозунгамі “Дзеянні ўлады і законы РБ — пад грамадзянскі кантроль”.



rygor_gryk_baranavich.jpg

У Баранавічах актыўныя грамадзяне неаднаразова збіралі подпісы жыхароў горада супраць росту коштаў на жыццё і паслугі, гандлю неякаснымі спіртнымі напоямі, за павышэнне заробкаў і пенсій, добраўпарадкаванне гарадскіх паркаў і дарог, за змены выбарчага заканадаўства, будаўніцтва крамы на праспекце Машэрава і вуліцы Гаевай, разліковага цэнтра каля прыпынку па вул. Фабрычная і г.д. Аднак чыноўнікі не спяшаюцца выконваць пажаданні людзей. Таму сваім пікетам я хацеў звярнуць увагу нашых грамадзян, што чыноўнікі горада недастаткова і несвоечасова рэагуюць на звароты і прапановы людзей. Але мне чарговы раз незаконна забаранілі правядзенне пікета, нягледзячы на тое, што я не толькі заключыў дамовы з паліклінікай, ЖКГ і міліцыяй, але і выканаў усе патрабаванні закону аб масавых мерапрыемствах, — паведаміў Рыгор Грык.

Прычым аб забароне пікета актывісту стала вядома не з адказу гарвыканкама, які Рыгор Грык так і не атрымаў нават да 26 студзеня, а пасля размовы грамадскага актывіста з намеснікам начальніка аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі ГАУС маёрам Паўлам Кульгавікам.

Прафсаюзны актывіст Рыгор Грык мае намер скардзіцца на незаконныя дзеянні гарвыканкама ў Баранавіцкую міжраённую пракуратуру.


spring96.org