Беларуская апазіцыя выйшла на пікеты (фота)
Грамадзянская кампанія "Гавары праўду!" 25 студзеня прэзентавала 17 сваіх кандыдатаў на мясцовых выбарах пікетам у іх падтрымку каля Камароўскага рынку ў Мінску . На пікеце выступілі старшыня кампаніі Уладзімір Някляеў, яго намеснік Андрэй Дзмітрыеў і "капітан" мінскай каманды кандыдатаў Ігар Драко.

На мясцовых выбарах "Гавары праўду!" выступае з праграмай "Зручны горад". Паводле словаў Андрэя Дзмітрыева, у кампаніі няма ілюзій адносна афіцыйных вынікаў
выбараў, і пасля іх завяршэння кандыдаты ад кампаніі працягнуць працу з выбарцамі ў рамках "ценявых саветаў дэпутатаў", перадае БелаПАН.

На працягу ўсяго часу пікету яго здымалі на камеры людзі ў цывільным. А прадстаўнік выбарчай камісіі Савецкага раёна Мінска Пётр Салаўёў заявіў пра намер скласці акт аб парушэнні па факце збору
подпісаў на пікеце за ініцыятыву "Народны рэферэндум".

Між тым у мінскім мікрараёне Малінаўка каля ГЦ "Максімум" 26 студзеня прайшоў агітацыйны пікет за вылучэнне кандыдатам у дэпутаты Мінгарсавета сябра Партыі БНФ Юрыя
Меляшкевіча, падчас якога кіраўніцтва ПБНФ і Руху "За Свабоду" агітавалі супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх ваенных баз.

На працягу першай паўгадзіны правядзення пікету да яго ўдзельнікаў двойчы падыходзілі супрацоўнікі міліцыі, якія цікавіліся наяўнасцю дазволу на пікет і патрабавалі прыбраць бел-чырвона-белы
сцяг.

Як паведамляў Тэлеграф, Мінгарвыканкам вызначыў месцы, забароненыя для правядзення
пікетаў па зборы подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты Мінгарсавета 27-га склікання. У прыватнасці, пікеты забаронена праводзіць на Кастрычніцкай і Прывакзальнай плошчах, плошчах Незалежнасці і
Перамогі, на аб'ектах метрапалітэна (за выключэннем тэрыторый падземных пешаходных пераходаў), чыгуначнага і паветранага транспарту.
Фота Аляксея Сталярова, telegraf.by