Минскія ўлады дазволілі «Бессмяротны полк» 9 траўня
Заяўнікі акцыі «Бессмяротны полк» у Мінску атрымалі месца для правядзення святочных мерапрыемстваў, сказаў 3 траўня «Свабодзе» адзін з заяўнікаў акцыі Валер Драко.
«Мінгарвыканкам дазволіў нам сабрацца а 10-й гадзіне раніцы каля дома-музея першага з’езду РСДРП. Мы чакаем тут усіх, хто хоча ўдзельнічаць у патрыятычнай акцыі з партрэтамі сваякоў-пераможцаў. Нам дазволілі быць тут з усёй нашай атрыбутыкай: партрэтамі, сцягамі, і абяцалі дазволіць ускладанне вянкоў да манумента Перамогі», — заявіў Валер Драко.
Ён таксама адзначыў, што першапачаткова ўдзельнікі акцыі хацелі сабрацца на плошчы Якуба Коласа, каб затым рухацца да плошчы Перамогі.
«Аднак за гэты маршрут мы павінны былі б плаціць 250 мінімальных заробкаў. У нас такіх грошай няма. Таму ад гэтага варыянту мы мусілі адмовіцца».
Акцыю «Бессмяротны полк» у Расіі праводзяць з 2013 года. Яе ўдзельнікі масава выкарыстоўваюць расейскія дзяржаўныя сцягі, а таксама георгіеўскія стужкі, якія сталіся сімвалам расійскай агрэсіі ў Крыме і на Данбасе. Падчас «вялікай размовы» 1 сакавіка Аляксей Дзермант запытаўся ў Аляксандра Лукашэнкі пра акцыю «Бессмяротны полк». Лукашэнка тады адказаў, што ён катэгарычна супраць.
«Не таму, што супраць гэтай акцыі. Гэта бліскучая акцыя, расійская акцыя, мы з прэзідэнтам Расіі абмяркоўвалі некалькі гадоў таму гэтае пытанне. Я кажу: “Таксама там вашы нас папракаюць, што мы нібыта забараняем “Бессмяротны полк”. Вы ж у нас, груба сказаў так, перадралі гэтую ідэю”. Памятаеце? “Беларусь памятае”. Вы памятаеце гэтыя акцыі? Я стаў прэзідэнтам, першая мая была акцыя, і мяне ветэраны паклікалі ісці ад універмагу, па-мойму, мы ішлі ад ГУМа да Плошчы Перамогі і ўскладалі заўсёды вянкі. Хто з партрэтамі, хто яшчэ з чымсьці. Чаму мы павінны кінуць сваё “Беларусь памятае” і схапіцца за “Бессмяротны полк”? Калі па сваёй сутнасці і нават па знешняй форме яны падобныя, яны аднолькавыя».
У 2018 годзе ўлады спачатку не далі дазволу на акцыю «Бессмяротны полк» у Мінску, прапанаваўшы ініцыятарам уліцца ў дзяржаўнае шэсце «Беларусь памятае». Тады пра забарону «Бессмяротнага палку» ў Менску пачалі пісаць расійскія СМІ, яго арганізатары пачалі заклікаць прыхільнікаў выйсці на акцыю без дазволу. У выніку шэсце дазволілі менш як за дзень да яго правядзення.
Дзяржаўныя СМІ праігнаравалі гэтае альтэрнатыўнае шэсце, а Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ніхто не забараняў ісці з партрэтамі сваякоў, якія загінулі на вайне, а змяніць фармат папрасілі самі ветэраны. Пры гэтым кіраўнік Беларусі скрытыкаваў тых, хто хоча «прыватызаваць» тэму перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.