«Мінсктранс» патрабуе 22 тысячы рублёў у пратэстоўцаў за «перакрыццё дарог» у ноч на 11 жніўня каля «Рыгі»
У мінскіх судах працягваюць разглядаць грамадзянскія пазовы «Мінсктранса» да асуджаных палітвязняў з патрабаваннем кампенсаваць шкоду за «перакрыццё дарог» на пратэстах.
На гэтым тыдні судзіліся мінімум з двума асуджанымі
пратэстоўцамі: Дзмітрыем Дубковым і Дзянісам Чыкалёвым, піша «Вясна».
Суд з Дзмітрыем Дубковым
9 ліпеня ў судзе Савецкага раёна Мінску разгледзелі пазоў «Мінсктрансу» да палітвязня Дзмітрыя Дубкова. Сума пазову да асуджанага на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму пратэстоўца складае 21 861,69 рублёў за блакаванне дарог у ноч на 11 жніўня 2020 году.
На судзе прысутнічаў юрысконсульт «Мінсктрансу», які заявіў
хадайніцтва аб’яднаць справу з пазовам у дачыненні да Івана Красоўскага. На
судзе патлумачылі, што 21 861,69 рублёў — гэта сума шкоды за прастой усяго
транспарту 10 і 11 жніўня, звязаны з несанкцыянаванымі масавымі акцыямі. Таму
гэтую суму будуць дзяліць на ўсіх пратэстоўцаў, асуджаных за «перакрыццё
дарог» у гэтыя дні. Суд задаволіў хадайніцтва «Мінсктрансу».
Сам Дзмітры Дубкоў не ўдзельнічаў у пасяджэнні, бо адбывае
сямігадовае пакаранне ў папраўчай калоніі № 22 у Івацэвічах за тое, што ў ноч на 11 жніўня на вуліцы Прытыцкага ён «па папярэдняй дамове з нявызначанымі асобамі пранік у кабіну МАЗ, завалодаў транспартным сродкам і
запусціў рухавік». Яго інтарэсы прадстаўляў адвакат, які на судзе заявіў, што
Дубкоў не прызнае пазоў, бо ягоныя дзеянні не прывялі да спынення руху
транспарту. Як і напісана ў прысудзе, Дзмітры паставіў аўтамабіль тэхдапамогі
ў трэцяй паласе ў 23:14. Рух быў перакрыты супрацоўнікамі АМАПу, астатнія
палосы былі перагароджаныя, на дарозе знаходзіліся людзі.
Суддзя прыпыніла працэс да ўступлення ў законную сілу
прысуду ў дачыненні да Яраслава Збароўскага, асуджанага да 3 гадоў «хіміі» за
блакаванне дарогі ўласнай машынай і ўзвядзенне барыкадаў у ноч на 11 жніўня
каля ГЦ «Рыга». Мяркуецца, што працэс працягнецца ў жніўні.
Суд з Дзянісам Чыкалёвым
9 ліпеня ў судзе Фрунзенскага раёну Мінску разглядаўся пазоў «Мінсктрансу» да асуджанага на тры гады «хіміі» па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу гамельчука Дзяніса Чыкалёва. Справу разглядаў суддзя Мікалай Багамякаў, які ў гэтым судзе разглядае аналагічныя пазовы да ўсіх палітвязняў.
Паводле матэрыялаў справы, Чыкалёў увечары 9 жніўня парушыў
працу аднаго аўтобуса (№ 163), за гэта «Мінсктранс» выставіў яму пазоў на суму
6 126 рублёў і 81 капейку.
Вядома, што такую ж суму шкоды выставілі і палітзняволенаму
Лявону Халатарану.