Мінздароўя: «Ковід ужо не той»
Міністэрства аховы здароўя заявіла, што ў Беларусі па-ранейшаму цыркулюе штам «Амікрон», а не «Пірола».
Намеснік міністра інфекцыяніст Юрый Горбіч заявіў, што цяпер у кавіда значна меншая смяротнасць: «Ковід ужо не той, які мы з вамі назіралі ў 2020-2021 гадах. Цяпер гэта "Амікрон": даволі вялікая заразность, але адносна нізкая лятальнасць», цытуе яго словы «Позірк».
«Вакцынацыя ўсё роўна важная, бо наўрад ці камусьці прыемна правесці пяць дзён дома з высокай тэмпературай і потым жыць з посткавідным сіндромам, калі якасць жыцця зніжаецца», — сказаў ён.
З пачатку жніўня ў 15 краінах зафіксаваныя выпадкі інфікавання новым варыянтам COVID-19, які атрымаў назву «Пірола».
19 верасня Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што штам «Пірола» ў Беларусі не зарэгістраваны.
Паводле звестак Міністэрства, па колькасці заражэнняў на «Піролу» ў свеце пакуль не выйшла ў лідары. Пры гэтым лічыцца, што гэты штам «з'яўляецца больш заразным у параўнанні з папярэднікамі».
Сусветная Арганізацыя Аховы здароўя ўключыла «Піролу» ў спіс варыянтаў COVID-19, якія знаходзяцца пад наглядам.
Між тым, як пісаў «НЧ», у канцы жніўня 2023 года было заяўлена, што нарэшце ў Беларусі выпусцілі доследную серыю «супрацьвіруснай» вакцыны — відаць, гэта тая айчынная антыкавідная вакцына, якую мусілі такі зрабіць у 2023 годзе. Але пакуль ішлі распрацоўкі, пандэмія скончылася.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі па-ранейшаму не публікуе статыстыку захворвання каронавірусам і іншымі вострымі рэспіраторнымі віруснымі інфекцыямі.