Місія АБСЕ пачала назіранне за выбарамі-2019
Місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) 15 кастрычніка пачала назіранне за выбарчай кампаніяй у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі, паведамляецца на сайце АБСЕ.
Місію ўзначальвае Карнэлія Вілльемін Анке Ёнкер (Корыён Ёнкер). У склад місіі ўваходзіць асноўная група з 11 экспертаў для працы ў Мінску, а таксама 30 доўгатэрміновых назіральнікаў, якія з 23 кастрычніка будуць сачыць за выбарчай кампаніяй па ўсёй краіне. Акрамя таго, БДІПЧ «папросіць дзяржавы АБСЕ прадаставіць 400 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія прыбудуць за некалькі дзён да выбараў».
«Місія ацэніць, ці праводзяцца выбары ў адпаведнасці з абавязацельствамі ў рамках АБСЕ і іншымі міжнароднымі абавязацельствамі і стандартамі дэмакратычных выбараў, а таксама з нацыянальным заканадаўствам, — гаворыцца ў паведамленні арганізацыі. — Назіральнікі будуць уважліва сачыць за асноватворнымі аспектамі выбараў, у прыватнасці за рэгістрацыяй выбаршчыкаў, кандыдатаў, агітацыйнай дзейнасцю, працай адказных за выбары і адпаведных дзяржаўных органаў, рэалізацыяй выбарчага заканадаўства, а таксама за вырашэнням спрэчак, звязаных з выбарамі. У рамках назірання місія таксама будзе сачыць за асвятленнем кампаніі ў СМІ».
Неад'емнай часткай назірання з'яўляюцца сустрэчы членаў місіі з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай улады, палітычных партый, грамадзянскай супольнасці, СМІ і міжнароднай супольнасці.
У дзень выбараў, 17 лістапада, місія БДІПЧ «аб'яднае намаганні з дэлегацыямі Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы для назірання за адкрыццём выбарчых участкаў, галасаваннем, падлікам галасоў і падвядзеннем вынікаў».
Папярэднія высновы па выніках працы назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ будуць прадстаўлены на прэс-канферэнцыі 18 лістапада. Канчатковая справаздача аб назіранні будзе апублікавана «прыкладна праз два месяцы пасля заканчэння выбарчага працэсу».
На сайце Цэнтральнай выбарчай камісіі паведамляецца, што старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына 15 кастрычніка правяла сустрэчу з Корыён Ёнкер. Яна ўручыла прадстаўнікам місіі БДІПЧ акрэдытацыйныя пасведчанні, паведаміла ім пра мерапрыемствах выбарчай кампаніі, якія праходзяць зараз, аб зваротах, што паступаюць у Цэнтральную камісію, а таксама аб маючых адбыцца падзеях у ходзе падрыхтоўкі выбараў.
Паводле naviny.by