У Польшчы адбываюцца парламенцкія выбары
У Польшчы сёння праходзяць парламенцкія выбары — палякі абіраюць ніжнюю (Сейм) і верхнюю (Сенат) палаты, перадае Еўрарадыё. Мандаты ў выніку атрымаюць 460 дэпутатаў і 100 сенатараў. У галасаванні змогуць прыняць удзел 30,1 мільёна чалавек.

Выбары ў ніжнюю палату польскага парламента адбываюцца паводле прапарцыйнай сістэмы. Адзначаецца, што своеасаблівы конкурс на месца ў Сейме складае прыкладна 11 чалавек. Сенатараў абіраюць па выніках галасавання ў аднамандатных акругах — тут на адзін мандат прэтэндуюць у сярэднім 3 чалавекі.
Паводле ранейшых даследаванняў, найбольшую колькасць месцаў у Сейме павінна атрымаць кіроўная партыя “Права і справядлівасць” (46%). Другое месца прадракаюць цэнтрысцкай “Грамадзянскай кааліцыі” (27%), кааліцыя левых можа атрымаць 13%.
На мінулых выбарах “Права і справядлівасць” набрала 37,5% галасоў.