Ярмошына: Кандыдат можа ўдзельнічаць у выбарах абсалютна бясплатна
Кандыдаты ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў могуць правесці выбарчую кампанію абсалютна бясплатна, заявіла старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына падчас анлайн-відэабрыфінгу на сайце bpc.by 11 кастрычніка.
«У нас выбары эканамкласа і вельмі сацыяльныя. У нас кандыдат можа ўдзельнічаць у выбарах абсалютна бясплатна, не ўкладваючыся зусім у сваю выбарчую кампанію. Яму будзе дадзена па пяць хвілін эфірнага часу на дзяржаўным тэлебачанні», — сказала Ярмошына.
Старшыня Цэнтрвыбаркама нагадала, што кандыдатам будзе дадзена магчымасць удзельнічаць у тэледэбатах і апублікаваць бясплатна сваю перадвыбарную праграму ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі.
«Гэта мясцовыя газеты і дзве цэнтральныя: рускамоўная «Рэспубліка» і беларускамоўная «Звязда», — адзначыла Ярмошына. З-за вялікай колькасці кандыдатаў эфірны час для выступленняў павялічыцца.
Выступленні кандыдатаў, якія балатуюцца ў Мінску, будуць транслявацца ў працоўныя дні па тэлеканале «Беларусь 3» з 19.00 да 20.40. У Менскай вобласці трансляцыя пройдзе з 19.00 да 20.00 па тэлеканале СТВ, у астатніх рэгіёнах – па абласных каналах, якія ўваходзяць у сістэму Белтэлерадыёкампаніі. Згодна з пастановай Цэнтрвыбаркама ад 10 кастрычніка, выключэнне складуць 22 і 29 кастрычніка, калі трансляцыі будуць ісці з 19.00 да 19.30. Час для выступленняў кандыдатаў у сталіцы на радыё павялічаць на 15 хвілін, іх будуць трансляваць з 6.45 да 8.00.
Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.
БелаПАН