Міжнародныя авіярэйсы пачалі абмінаць Беларусь (дапоўнена)

Міжнародныя авіякампаніі вырашылі пазбягаць паветраную прастору Беларусі не чакаючы афіцыйных забарон. Як заўважыла Еўрарадыё, ужо як мінімум два рэйсы авіякампаніі «AirBaltic» аблятаюць Беларусь, каб не трапіць у яе паветраную прастору. Гэта рэйсы «Рыга — Адэса» і «Рыга — Тбілісі».

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

У свеце выклікала вялікі розгалас прымусовая пасадка пасажырскага самалёта «Ryanair» у мінскім аэрапорце пад канвоем ваеннага знішчальніка і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча. Кіраўнікі многіх краін выказаліся за тое, каб закрыць паветраную прастору Беларусі для міжнародных авіярэйсаў.


Дапоўнена: Латвійская авіякампанія «AirBaltic» афіцыйна прыняла вырашэнне не выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі праз захоп самалёта кампаніі «Ryanair», што рухаўся па маршруце «Афіны — Вільня».
«Наша нацыянальная авіякампанія "AirBaltic" бесперарыўна сочыць за сітуацыяй з бяспекай у паветранай прасторы розных краін. І ўжо прыняла рашэнне пакуль не выкарыстоўваць паветраную прастору Беларусі ў сваіх палётах. Са сваімі рэкамендацыямі выступіць і "Латвійская агенцыя грамадзянскай авіяцыі"», — заявіў міністр транспарта Латвіі Таліс Лінкайтс.