Прэзідэнт Латвіі назваў замену сцяга Беларусі на ЧС па хакеі адэкватнай рэакцыяй. А ўслед БЧБ з'явіўся ў Вільнюсе

Эгілс Левітс адзначыў, што Латвія не прызнае кіруючы рэжым у суседняй дзяржаве

plcgrxqmr.jpeg

Адэкватнай палітычнай рэакцыяй і сігналам аб тым, што Латвія не прызнае кіруючы рэжым у Беларусі, у аўторак назваў прэзідэнт Рэспублікі Эгілс Левітс інцыдэнт з заменай дзяржаўнага сцяга Беларусі падчас чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіць у Рызе, піша ТАСС.

«Замена сцяга Беларусі — адэкватная палітычная рэакцыя і сігнал, што мы не прызнаём кіруючы рэжым у суседняй дзяржаве», — сказаў кіраўнік дзяржавы ў эфіры мясцовага тэлеканала ТV3.

Рашэнне Беларусі выправадзіць з краіны ўсіх латвійскіх дыпламатаў, паводле слоў Левітса, стала рэакцыяй на паслядоўныя дзеянні Латвіі пасля таго, як Беларусь здзейсніла «беспрэцэдэнтнае парушэнне міжнароднага права, якое прадстаўляе пагрозу для міжнародных авіязносін». Гэты інцыдэнт закрануў і Латвію, паколькі ў экстрана пасаджаным у Мінску 23 траўня самалёце ірландскай авіякампаніі «Ryanair», які рухаўся маршрутам «Афіны — Вільня», таксама знаходзіліся двое грамадзян рэспублікі.

Прэзідэнт Латвіі падкрэсліў, што Латвія пасля гэтага прасіла ад ЕС рэакцыі на сітуацыю, і Еўрапейская Рада дамовілася аб санкцыях у дачыненні да Беларусі. «Мы абараняем міжнароднае права і бяспеку міжнароднай авіяцыі», — адзначыў Левітс.

Кіраўнік МЗС Беларусі 24 траўня паведаміў, што Мінск высылае пасла Латвіі Эйнарса Семаніса і супрацоўнікаў пасольства з-за інцыдэнта з беларускім дзяржаўным сцягам ў Рызе. Сцяг, вывешаны каля адной з гасцініц у цэнтры Рыгі, дзе пражываюць нацыянальныя зборныя, якія ўдзельнічаюць у чэмпіянаце свету па хакеі, быў заменены на бел-чырвона-белы сцяг. Як паведаміла мясцовае агенцтва LETA, гэта ўласнаручна зрабілі кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс і мэр Рыгі Марціньш Стакіс.

У адказ на дзеянні Беларусі МЗС Латвіі заявіў, што выклікаў часовага паверанага ў справах Беларусі, каб праінфармаваць аб ідэнтычных дзеяннях і аб выправаджэнні дыпламатаў гэтай краіны да моманту нармалізацыі адносін. У сваю чаргу, Федэрацыя хакея Беларусі паведаміла, што накіравала ноту на адрас прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазеля, аргкамітэт ЧС па хакеі ў сувязі з інцыдэнтам з дзяржаўным сцягам рэспублікі ў Рызе.

Між тым, сёння стала вядома, што БЧБ-сцяг з'явіўся і ў літоўскай сталіцы. Рашэнне, аналагічнае рыжскаму, прыняла мэрыя Вільні.

191631659_1346239012436938_1928405082919222912_n.jpg