«Мне пашанцавала нарадзіцца ў Беларусі». Што піша з калоніі Віктар Бабарыка
Былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка раіць у лістах, якія кнігі пачытаць, разважае пра мастацтва, расказвае пра свой побыт і непакоіцца пра незалежнасць Беларусі, расказвае «Радыё Свабода».
Чытачы «Свабоды» падзяліліся лістамі ад Віктара Бабарыкі, якія ён пісаў ім сёлета са жніўня па кастрычнік.
Яму пішуць шмат тэматычных лістоў пра сваю або яго сферу дзейнасці, пра мастацтва, кнігі, беларускія падзеі апошняга года. Віктар Дзмітрыевіч адказвае разгорнута. Балансуе паміж жартаўлівым тонам і сур’ёзнымі разважаннямі. Многія адзначаюць почырк Бабарыкі — яго досыць складана разабраць.
Ён адказвае на расійскай і беларускай мовах. Ставіць па тэксце вясёлыя або сумныя смайлікі. Заўжды піша, на які па нумары ліст адказвае, ставіць дату і подпіс. Свае лісты часта заканчвае фразай «Мы — Разам!», некаторыя карэктары слова «разам» замазваюць.
«І ўсё роўна мы „Разам“ — Маша, Макс і іншыя», — так скончыў ён адзін з лістоў.
Адна з суразмоўцаў расказала, што пісала Віктару Дзмітрыевічу летась з восені, а першы адказ ад яго атрымала толькі сёлета ў жніўні.
«На жаль, я не магу сказаць, што мне піша мноства людзей. Раней да мяне ўвогуле амаль нічога не даходзіла. Цяпер стала лепш, але я ўсё ж магу адказваць на ўсе лісты, якія да мяне прапускаюць», — патлумачыў сітуацыю з ліставаннем палітвязень.
«Качагарка — занадта ўжо сімвалічнае месца»
Цяпер былы банкір працуе ў пякарні наваполацкай калоніі.
«Мяне прыбралі з качагаркі і перавялі ў фармовачны цэх хлебабулачных вырабаў. Не патлумачылі, ці то гэта ўзнагарода, ці то наадварот. Можа, качагарка — занадта ўжо сімвалічнае месца :-)», — жартуе ён.
Вядома, што ў цэху вельмі горача, да таго ж, Бабарыку забаранілі рабіць фізічныя практыкаванні ў перапынках паміж працай.
Раней у палітвязня была праблема ўзяць кнігі, бо рэжым яго працы супадаў з працай бібліятэкі. Гэтае пытанне вырашылі. Аднак засталіся дзве іншыя праблемы. Праз працу ў яго амаль няма часу чытаць і пісаць лісты. Ён мае толькі адзін выхадны на тыдзень. Да таго ж, ён не знайшоў у бібліятэцы патрэбных яму кніг. Плануе шукаць выйсця і з гэтых абставін.
«Прытрымліваюся пазіцыі Рабіновіча: не дачакаецеся»
«Са здароўем і настроем стараюся прытрымлівацца пазіцыі Рабіновіча: не дачакаецеся», — пісаў Бабарыка ў верасні.
Адначасова ён не пагадзіўся з меркаваннем Аляксандра Кныровіча, які пасля вызвалення выказаўся, што рэжым калоніі добра адбіўся на яго здароўі.
«Шчыра за яго цешуся. Мне з гэтым пашчасціла менш. Можа, пазней я ўсвядомлю, што нечага не разумеў», — напісаў зняволены бізнэсмен.
Ён расказаў у лістах, што любіць восень і змены сезонаў.
«Для мяне не выдзяляліся раней месяцы, гады. Я люблю восень, люблю абавязковую сезоннасць. Не здолеў бы выжыць у вечным леце або зіме. Або па-іншаму: выжыў бы, але без асаблівай радасці», — прызнаўся ён.
Палітык цікавіцца тым, што адбываецца ў Беларусі, у якім стане цяпер беларусы. Прызнаецца, што камунікацыя ў яго моцна абмежаваная, яму не хапае і кантактаў у сацыяльных сетках. Даведаўся, што нядаўна памерлі паэты Алесь Разанаў і Канстанцін Севярынец, гісторык Уладзімер Ляхоўскі.
«Уразілі вершы Ганны Севярынец. Чуў, што ў Паўла памёр бацька. Вельмі шкада. Мае яму спачуванні. І хоць я яго не ведаю, але ж ён годны і мужны чалавек», — напісаў вязень.
Парады кніг для чытання ад Віктара Бабарыкі
Бабарыка адзначыў, што адкрыццём у беларускай паэзіі для яго стала Ларыса Геніюш. Ён працягвае шукаць яе творы.
У літаратурным часопісе ён прачытаў артыкул пра беларускіх паэтаў, таму хацеў бы знайсці больш вершаў Ганны Комар, Крысціны Бандурынай, Уладзіміра Лянкевіча, а таксама вершы, якія былі напісаныя пасля жніўня 2020 года.
«Мяне моцна ўразіла, што нашы суайчыньнікі выдалі „на гара“ шмат чаго цікавага. Было б прыемна пачытаць іх творы», — напісаў вязень.
Бабарыка таксама просіць рэцэнзію на «Сабак Эўропы» Альгерда Бахарэвіча, думае, каб і самому здабыць гэты раман і прачытаць.
У адказ на згадку пра пісьменніка Кадзуа Ісігура ён параіў пачынаць з яго кнігі «Не адпускай мяне», а працягнуць кнігай «Рэшта дня» і іншымі. Таксама вязень параіў пачытаць кнігу «Забіць перасмешніка» Харпер Лі.
Адна з карэспандэнтак даслала Бабарыку цытаты Марыны Цвятаевай.
«Цвятаева — вельмі жаноцкая, а Ахматава — не. Мне здаецца, жанчыны дзеляцца на дзве катэгорыі: хто любіць паэзію, а хто — не. А вось першыя яшчэ на дзве — хто любіць Ахматаву, а хто — Цвятаеву. Я не сустракаў тых, хто любіць абедзвюх аднолькава», — напісаў палітык.
«Няма ў свеце скарбу, каб можна было купіць за яго каханне»
У адказ на ліст пра жонак палітвязняў Бабарыка напісаў, што яму і прыемна, і балюча чытаць пра каханне праз краты.
«Няма ў свеце такога скарбу, каб можна было купіць за яго такое каханне. Ведаю, што тыя пары, якія пройдуць праз гэтыя катаванні, застануцца назаўсёды. Не дай жа ж Божа такіх выпрабаванняў у жыцці нашых дзяцей, але такая пяшчота і любоў каштуе таго», — выказаў ён думку.
Былы кандыдат у прэзідэнты адрэагаваў на новаўвядзенні ў школах і напісаў, што ў яго выклікае сум тое, якім прадметам будуць вучыць дзяцей і хто будзе за настаўнікаў.
Калі адна з карэспандэнтак, Алена, згадала перадачу «Мой бізнэс», якая ішла на АНТ і ў якой браў удзел «Белгазпрамбанк», Бабарыка пракаментаваў, што ў перадачы быў «някепскі патэнцыял», аднак яго не рэалізавалі.
«Галоўнае, што ваша дачка расце з пачуццём прыгожага»
Многія пішуць мецэнату за краты пра карціны і выставы. Ён расказаў, што навучыўся адрозніваць многіх мастакоў у межах «Восеньскага салона» і «Арт-Мінска». Бабарыка прызнаўся, што любіць мастакоў «другога плану», прыкладам, Файбіш-Шрагу Зарфіна. На дасланую паштоўку з карцінай Леаніда Шчамялёва ён адказаў, што не прыхільнік гэтага мастака, як і сацыяльнага арта агулам.
«Пра працы ў калекцыі „Арт-Беларусь“ магу пісаць бясконца. Яны ўсе вельмі каштоўныя. Амаль кожную я набываў сам або быў удзельнікам гэтага працэсу. Неяк праводзіў экскурсію па галерэі, дзе расказваў не пра карціны, а пра факты іх пакупкі. Кажуць, было вельмі цікава», — успамінае былы банкір.
Калі мінчанка расказала, што хадзіла на выставу «Арт-Мінск» разам з дачкой, якую асабліва пазабавіла карціна Марка Шагала «Лунацікі», Бабарыка з усмешкай адзначыў, што на карціне Шагала толькі адзін лунацік.
«Галоўнае, што ваша дачка расце з пачуццём прыгожага. З такіх дзяцей не могуць вырасці злыя і няўдзячныя дарослыя», — напісаў ён.
Мецэнату цікава будзе прачытаць у лістах уражанні і іншых наведнікаў «Арт-Мінска».
«Я ганаруся людзьмі Беларусі»
Пра падзеі жніўня 2020 года Бабарыка піша з доляй самаіроніі. Нехта даслаў яму малюнак з выявай бегемоціка з сэрцайкам. Палітык пазнаў у выяве сябе і адзначыў, што гэта «не самы горшы вобраз».
«Шкада, што не дайшоў ваш першы ліст з прызнаннем у любові і павазе. Заўжды прыемна пачытаць, што ты некаму патрэбны», — напісаў ён адной са знаёмых па ліставанні.
З лістоў відаць, што палітык не шкадуе пра тое, што пайшоў у выбарчую кампанію 2020 года.
«Спадзяюся, што тых, хто салідарныя і памятаюць пра людзей за кратамі, — вялікая колькасць. Я таксама ганаруся людзьмі Беларусі. Мне пашанцавала нарадзіцца ў гэтай краіне і паўдзельнічаць у тым, што адбылося ў 2020-м годзе. Быць сведкам і нейкім бокам удзельнікам адраджэння сапраўднай нацыі — вялікі гонар і шанец. Не кожнаму такое выпадае. Хаця і плаціць за гэта даводзіцца многім», — пісаў ён у жніўні.
Бабарыка засмуціўся ад навіны пра чарговае абмеркаванне «дарожных мапаў» з Расіяй.
«Гэтыя падзеі нясуць велізарныя рызыкі для нашай краіны і незалежнасці... Я веру, што беларусы маюць свой характар і сілы, каб працягнуць барацьбу і жыць у сваёй незалежнай Беларусі!» — выказаў ён спадзеў.