«Моладзь БНФ» патрабуе вярнуць ільготы
Маладзёжная структура Партыі БНФ «Моладзь БНФ» патрабуе ад урада вярнуць ільготы ліквідатарам наступстваў аварыі на ЧАЭС і прыняць іншыя неабходныя меры па ліквідацыі наступстваў катастрофы.
Адпаведная петыцыя размешчаная на сайце petitions.by. Пасля падпісання яе плануецца накіраваць у Савет міністраў і Нацыянальны сход. Актывісты арганізацыі нагадваюць, што краіна ўжо 30 гадоў пакутуе ад наступстваў чарнобыльскай трагедыі.
"У Беларусі забруджаныя тэрыторыі, назіраецца рост анкалагічных захворванняў, парушэнне экалагічнага становішча і многае іншае, — гаворыцца ў петыцыі. — Аднак, замест таго, каб прыкласці намаганні для ліквідацыі гэтых наступстваў, мы вымушаныя канстатаваць, што ўлада не выконвае свае абавязкі па выпраўленні сітуацыі”.
У прыватнасці, "Моладзь БНФ” абураная адменай ільготаў ліквідатарам, размеркаваннем маладых спецыялістаў у забруджаныя зоны, вырошчваннем там сельгаспрадукцыі, а таксама недастатковым фінансаваннем медыцыны ў сферы анкалогіі. "Вось чаго дасягнула дзейная ўлада ў сферы ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС”, — заяўляе арганізацыя.
"Моладзь БНФ” патрабуе ад урада прыняць на заканадаўчым узроўні неабходныя меры па абароне насельніцтва. Так, арганізацыя збірае подпісы за тое, каб ліквідатарам аварыі вярнулі льготы, павялічылі выдаткі на анкалогію і ўвялі абавязковае абследаванне насельніцтва на анкалагічныя захворванні. Таксама маладзёжная арганізацыя заклікае забараніць вырошчваць агародніну і садавіну на забруджаных тэрыторыях і адмяніць размеркаванне ў гэтыя рэгіёны маладых спецыялістаў.
Прэс-служба Моладзі БНФ