«Моладзь БНФ» заснавала прэмію імя Джона Маккейна
Джон Маккейн быў чалавекам, які змагаўся за свабоду ва ўсім свеце, рашуча выступаў супраць несправядлівасці, і не толькі словам, але і справай падтрымліваў незалежнасць нашай краіны.
Джон Маккейн быў вялікім сябрам
Беларусі, падтрымліваў яе Незалежнасць і змаганне беларускага народа за сваю свабоду,
адзначае «Моладзь БНФ» і ад імя ўсёй беларускай моладзі выказвае шчырыя
спачуванні ўсім родным і блізкім гэтага выбітнага палітыка, які памёр на 82-м
годзе жыцця.
У гонар палітыка і сябра нашай краіны «Моладзь БНФ» засноўвае прэмію "За падтрымку Беларусі і адданасць беларускай справе". Прэміяй будуць ганараваць замежнікаў, якія зрабілі значны ўнёсак у падтрымку незалежнасці Беларусі, у культурнае, палітычнае развіццё нашай краіны ці ўздымаюць беларускае пытанне на міжнароднай арэне.
Прэмію плануюць уручаць у дзень памяці Джона Маккейна — 29 жніўня (пачынаючы з 2019 года) у яго дзень народзінаў, які будзе арганізоўваць «Моладзь БНФ».
Таксама бліжэйшым часам актывісты пачнуць працу над перакладам і агучваннем дакументальнага фільма пра Маккейна, які нядаўна выйшаў, "Джон Маккейн, па кім б'е звон".
«Бывайце, сенатар. Вы мужна і аддана змагаліся за свабоду і дэмакратыю ўсё сваё жыццё, а мы працягнем гэтую справу далей. Пакойцеся з мірам», — адзначае прэс-служба «Моладзі БНФ».