«Мова Нанова» пачынаецца ў Полацку

У Полацку з 29 кастрычніка распачынаюцца бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова Нанова».

wvlnbc0hc_e.jpg

Курсы беларускай мовы «Мова Нанова» існуюць з 2014 года. Іх заснавальнікі — журналіст Глеб Лабадзенка і філолаг Алеся Літвіноўская. Менавіта яны правядуць першы занятак у Полацку, які адбудзецца 29 кастрычніка ў рэстаране «Росквіт» (вул.Кастрычніцкая, 50). Пачатак у 19.00.
Курсы дзейнічаюць у Астраўцы, Бабруйску, Баранавічах, Брэсце, Віцебску, Гродна, Гомелі, Магілёве, Маладзечне, Мінску і Светлагорску. Штотыдзень іх наведваюць больш за 650 студэнтаў. Нарэшце прыйшоў час і для самага старажытнага беларускага горада — Полацка.
Курсы маюць дзяржаўную рэгістрацыю як «Сацыяльна-культурная ўстанова развіцця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова».
Назва курсаў тлумачыцца проста. Многія беларусы кажуць, што беларуская — іх родная мова. Пры гэтым не зусім добра ці зусім нядобра ведаюць яе. Гэтае словазлучэнне «родная мова» вельмі часта ўводзіць у зман нас саміх. Час прызнацца, што нам пара вучыць беларускую мову нанова. Такія прыклады — калі народ адраджаў паўзабытую мову — ёсць у гісторыі, і яны натхняюць!
Канцэпцыя курсаў — неакадэмічнае вывучэнне мовы. То бок, уся інфармацыя — лексіка і граматыка — падаецца праверанай і пісьменнай. Але робіцца гэта ў інтэрактыўных формах, цікава і нязмушана. Прынцыповы момант: ніякай палітыкі на занятках, курсы па-за палітыкай.
Кожныя заняткі маюць некалькі ўмоўных рубрык — Слоўнік, Граматыка, Цікавінкі і г.д.
У чэрвені 2014 курсы «Мова Нанова» атрымалі Гран-пры фестывалю беларускамоўнай рэкламы ADNAK у намінацыі «Грамадсказначныя праекты». У снежні 2014 года курсы перамаглі на конкурсе «Падзея года» на V фестывалі нефармальнай адукацыі.
ximik.info