МУС апублікавала пералік фарміраванняў, прызнаных экстрэмісцкімі
На сайце МУС з'явіўся пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.

Пакуль у пераліку толькі два фарміраванні — «Рабочы Рух / Пашыраны круглы стол» і dze.chat. Абодва ўключаны ў спіс 18 кастрычніка.
«Дадзены рэсурс аб'ядноўвае больш за тысячу тэлеграм-каналаў і чатаў, падтрымлівае пратэставы рух па ўсёй краіне, публікуе экстрэмісцкія матэрыялы, навучае і рыхтуе грамадзян нашай краіны для ўдзелу ў масавых беспарадках, актаў вандалізму і іншых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак. Дзеянні стваральнікаў, кіраўнікоў у тым ліку структурных падраздзяленняў дадзенага экстрэмісцкага фарміравання, а таксама іншых яго ўдзельнікаў па-за залежнасцю ад іх грамадзянства, утвараюць склад крымінальнага злачынства, — выказаўся пра dze.chat начальнік аддзела ГУБАЗіК Вячаслаў Арлоўскі. — Таксама рашэннем Камітэта дзяржаўнай бяспекі экстрэмісцкім фарміраваннем прызнаная ініцыятыва "Рабочы Рух". Падобны лёс у далейшым чакае і іншыя экстрэмісцкія рэсурсы і аб'яднанні».