Муж бухгалтаркі НН Вольгі Раковіч: «На вайне як на вайне»
Віктар Савіцкі, муж затрыманай 8 ліпеня па крымінальнай справе, а потым вызваленай пад падпіску пра неразгалошванне бухгалтаркі «Нашай Нівы» Вольгі Раковіч, распавёў «Новаму Часу», як сям'я перажывала яе зняволенне.
— Прыкра й балюча чытаць пра гвалт узброеннай злачыннай банды над тутэйшым безабаронным цывільным насельніцтвам, але не выносна, калі гэты гвалт тычыцца тваіх родных.
Час ад «чорнага чацвярга» 08.07.21, калі «накрылі» рэдакцыю «Нашай Нівы» і Вольгу кінулі ў акрэсцінскі ІЧУ і да яе вызвалення вечарам 16.07. 21 мы з Данам (сын Віктара і Вольгі. — НЧ) пражылі як у дурным сне. Нашая псіхіка, ратуючыся ад перагрузкі, захавала пра той час успамін, як пра прачытаную ці пачутую жахлівую, бязглуздую, нерэальную фантасмагорыю.
Дзякуй Богу, яе (Вольгі. — НЧ) фізічны стан лепшы за той, якога я баяўся, і Вольга ўжо пачала працаваць. Дакументы, тэлефон, ключы, асабістыя грошы абяцалі вярнуць на тыдні, але яна па-ранейшаму застаецца ў якасці падазраванай.
Каротка ахарактарызаваць наш сённяшні стан можна фразай «на вайне як на вайне».
Падпіска пра неразгалошванне тайны следства зусім не замінае ўявіць сабе гэтыя «тайны». Пра іх калісь геніяльна распавёў Салжаніцын у «Архіпелагу ГУЛАГ», а сёння інтэрнэт паказвае ў сучаснай акрэсцінскай катавальні. .
Вользе перадачу аддалі пры вызваленні. А мы так спадзяваліся...
Салідарнасць дапаможа нам выжыць у гэтым драпежным свеце і перамагчы чалавечую агрэсію.