Кацярына Віннікава выйшла на волю пасля 15 сутак арышту

На волю пасля 15 сутак на Акрэсціна выйшла выпускніца юрфака БДУ Кацярына Віннікава, перадае «Наша Ніва».

photo5445412610683024450.jpg

Нагадаем, арыштавалі Кацярыну Віннікаву за тое, што падчас уручэння дыпломаў яна падзякавала юрыстам-палітвязням і звольненым выкладчыкам факультэта. 
«Хочацца сказаць дзякуй тым, у каго можна было сапраўды шмат чаму навучыцца. А менавіта выкладчыкам юрфака БДУ, прысутным тут, у залі, а таксама тым, хто, на жаль, сёння знаходзіцца не тут. Выкладчыкам паводле паклікання.
Нізкі паклон
Алене Уладзіміраўне Лаеўскай,
Кацярыне Віктараўне Новікавай,
Аляксею Іванавічу Сахарчуку,
Алене Іванаўне Басалай,
Максіму Аляксандравічу Знаку.
Дзякуй за тое, што паказалі сваім прыкладам, хто такі юрыст і што такое права!
Шмат чаму навучыцца можна было таксама ў нядаўніх студэнтаў, а цяпер — маладых перспектыўных юрыстаў. Напрыклад, такую магчымасць дае moot court рух («moot court» — навучальны, гульнявы судовы працэс. — Заўв. рэд.), ва ўдзельнікаў якога на слыху імёны найталенавіцейшых юрыстаў Ксеніі Вячаславаўны Лапуцкай, Іллі Салея, Ксеніі Філіповіч, шмат якіх іншых выпускнікоў юрфака і ФМА.
Усім нам я зычу любіць і бараніць права з гонарам і годнасцю сапраўднага юрыста, нягледзячы на цяжкасці, якія ёсць і будуць. І тады, як сказаў Віктор Гюго, для мяне не важна, на чыім баку сіла. Для мяне важна, на чыім баку права.
І памятайце, калі ласка, усе, хто збіраюцца працаваць юрыстамі або працуе юрыстамі: права — гэта мастацтва дабра і справядлівасці. А дабро, розум і чалавечая годнасць у сукупнасці заўсёды перамагаюць», — сказала Кацярына Віннікава.
Пасля гэтага ў яе інтэрнаце адбыўся ператрус, быў канфіскаваны ноўтбук, дзяўчыну затрымалі. Суддзя Марына Клімчук асудзіла яе па 1-й частцы артыкула 24.23 за незаконнае пікетаванне.