«Мы вельмі натхніліся вашай падтрымкай!» Беларускай школе ў Варшаве бракавала грошай — іх хутка сабралі
Прыклад беларускай салідарнасці прадэманстравала гісторыя з беларускай школай у Варшаве, дзе навучаюцца дзеці нашых суайчыннікаў-эмігрантаў.
![244685828_384727380031689_5434733524672406817_n.jpg 244685828_384727380031689_5434733524672406817_n.jpg](/img/v1/images/244685828_384727380031689_5434733524672406817_n.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Так атрымалася, што школа займела патрэбу ў дадатковых сродках. На абвестку аб гэтым адгукнуліся беларусы, і літаральна за суткі грошы былі сабраныя.
«Неабходныя сродкі для беларускай школкі ў Варшаве сабраныя! — гаворыцца ў паведамленні на старонцы Цэнтра беларускай салідарнасці (ЦБС) ў фэйсбуку. — Сябры, мы вельмі натхніліся вашай падтрымкай школкі ЦБС! Усяго за адзін дзень вы здолелі сабраць суму, якая была неабходна для пакупкі адукацыйных матэрыялаў і аплаты працы часткі нашых выкладчыкаў. Мы хацелі б падзякаваць кожнаму неабыякаваму чалавеку, які падарыў дзецям шанец на хутчэйшую адаптацыю да жыцця ў іншай краіне».
Беларуская школа ў Варшаве была адкрытая пры Цэнтры беларускай салідарнасці. На сёння ў школе навучаецца 60 дзяцей беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць радзіму. Заняткі ў школе праходзяць бясплатна, іх праводзяць восем настаўнікаў.