МЗС Беларусі мае намер зняць фільм пра міжнародную дзейнасць БНР

Аднак правядзенне адмысловых мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР МЗС не плануе: "мэтазгодна пакінуць гэтую тэму даследчыкам і гісторыкам".

1280px_diplomatic_mission_of_bnr.jpg

Кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў адказ Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь на свае прапановы наконт удзелу дзяржаўнай улады у адзначэнні стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі, якое прыпадае на надыходзячы 2018 год.

 Як вынікае з адказу, што падпісаны намеснікам кіраўніка беларускага замежнапалітычнага ведамства Яўгенам Шастаковым, у наступным годзе МЗС Беларусі не плануе правядзенне адмысловых мерапрыемстваў да 100-годдзя БНР: маўляў, "мэтазгодна пакінуць гэтую тэму даследчыкам і гісторыкам".

Разам з тым у сваім адказе намеснік міністра паведамляе заяўнікам, што ў Міністэрстве замежных справаў цяпер абмяркоўваецца магчымасць падрыхтоўкі дакументальнага фільма на тэму гісторыі беларускай дыпламатыі, фрагмент якога будзе прысвечаны знешнепалітычнай дзейнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Ліст МЗС быў накіраваны ў адказ на прапановы, што былі адрасаваныя МЗС падчас сустрэчы ў міністэрстве прадстаўнікоў грамадзкага аргкамітэту па адзначэньні стагоддзя БНР з боку старшыні БНФ “Адраджэньне” Рыгора Кастусёва і мастака Міколы Купавы.

adkaz_mzs_pa_stahoddzju_bnr.jpg

Лідар БНФ Рыгор Кастусёў наступным чынам пракаментаваў адказ Міністэрства замежных справаў:

"Магу толькі прыгадаць Купалаўскае “Далі шэсць паветаў — дзякуй і за гэта”. Здымуць дакументальную стужку з належным адлюстраваннем міжнароднай працы айцоў-заснавальнікаў БНР — і гэта будзе добра, лепей чым нічога. Але лічу, што было б памылкай пакінуць стогадовы юбілей БНР у цішыні музейных залаў і на старонках гістарычных часопісаў: гэтая падзея можа стаць выданай нагодай для грамадскіх дыскусій, для абмеркаванняў у прэсе, а таксама для яснай дэманстрацыі ўладамі Рэспублікі Беларусь трываласці і непарушнасці нашага сучаснага дзяржаўнага суверэнітэту.

Варта пашкадаваць, што міністэрства не скарысталася сваімі паўнамоцтвамі, якія маглі б паспрыяць росту прэстыжу беларускай дзяржавы і спрыяць сцвярджэнню гістарычнай пераемнасці нашай дзяржаўнасці. Упэўнены, што шэраг прапановаў, якія мы выклалі ў сваім дакуменце, мог бы быць рэалізаваны міністэрствам для агульнай карысці. Але, відаць, чыноўнікі яшчэ не саспелі да таго, каб афіцыйна распачаць дыялог з дзеючай Радай БНР, а тым больш запрасіць старшыню Рады БНР Івонку Сурвілу ў Беларусь. Падобна, што зноў імпрэзы у замежных сталіцах, звязаных з гісторыяй БНР (а гэта і Прага, і Вільня, і іншыя сталіцы Еўропы), будуць ладзіцца толькі на грамадскім узроўні — тут сучасная ўлада губляе выдатныя магчымасці для прамоцыі Беларусі як краіны.

Са свайго боку я буду працягваць сустрэчы па нашым пакеце прапановаў з іншымі ведамствамі. Калі з кожнага міністэрства мы атрымаем хоць нешта (накшталт дэклараванага МЗС намеру зняць фільм пра БНР) — я буду лічыць, што нашая праца дае плён. Галоўнае каб зноў рэй ў "дзяржаўным адзначэнні" гадавіны Беларускай народнай рэспублікі не ўзялі спецслужбісты і МУС: дзень заснавання беларускай дзяржаўнасці не павінны атаясамлівацца ў вачах грамадскасці з гвалтам, рознагалоссямі, не павінны наносіць іміджавыя страты нашай краіне. Беларусы і замежнікі павінныя дазнавацца пра юбілей БНР не з паведамленняў пра збіццё і арышты, а са станоўчых нагодаў", — сказаў Рыгор Кастусёў.

Распрацаваны Рыгорам Кастусёвым праект удзелу дзяржаўных органаў у адзначэнні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі ўжо накіраваны таксама ў Савет Міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта і ў Мінгарвыканкам.

 Паводле прэс-службы ПБНФ