На актывіста АГП з Дуброўна ціснуць за нібыта абразы мясцовых чыноўнікаў

Актывіст АГП ў Дуброўна Міхаіл Чэмурака паведаміў, што 4 траўня ў яго кватэры прайшоў ператрус, канфіскаваны ноўтбук і сістэмны блок кампутара. Адначасова была апісана маёмасць у доме, дзе пражывае маці актывіста. У жанчыны, інваліда 2 групы, падскочыў ціск, ёй выклікалі хуткую дапамогу.

che_02.jpg


Міхаіл Чэмурака паведаміў, што 4 траўня а 15 гадзіне ў кватэру, дзе ён пражывае з сям'ёй, прыйшлі трое: участковы міліцыянт у форме Сяргей Пучкоў, супрацоўнік мясцовага РАУС у цывільным Віталь Ходзікаў і яшчэ адзін чалавек у цывільным з Віцебска, піша сайт Аб'яднанай грамадзянскай партыі ucpb.org.
З імі былі яшчэ двое незнаёмых гаспадарам людзей, якіх супрацоўнікі прывялі з сабой і прадставілі ў якасці панятых.
Міхаілу прад'явілі дакумент, з якога вынікае, што ператрус праводзіцца ў сувязі з вядзеннем крымінальна-працэсуальных дзеянняў па арт. 188 ч. 2 і арт. 369 КК РБ: праводзіцца праверка заявы дубровенскага пракурора Пацеева аб абразе яго Міхаілам Чэмурака ў сацыяльнай сетцы Аднакласнікі.
Супрацоўнікі органаў канфіскавалі ноўтбук і сістэмны блок кампутара. Прычым у ноўтбуку змяшчаецца ўся неабходная Міхаілу для працы інфармацыя, у тым ліку дамовы з контрагентамі, электронны подпіс да банкаўскага рахунку — Міхаіл з'яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам і вядзе гаспадарчую дзейнасць. Ён паведаміў пра гэта супрацоўнікам, але ўзяць неабходную інфармацыю яму не дазволілі.

che_03.jpg


Міхаіл таксама папярэдзіў міліцыянтаў, што ўласнікам ноўтбука з'яўляецца яго маці, аднак гэта таксама іх не спыніла.
Супрацоўнікі склалі пратакол канфіскацыі, аднак забралі яго з сабой, не пакінуўшы гаспадарам ні яго копіі, ні якога-небудзь іншага дакумента аб тым, што яны ўвогуле тут былі і нешта забіралі.
Працэс складання пратаколаў апытання і канфіскацыі Міхаіл зняў на відэа. Але міліцыянты заявілі, што гаспадары не маюць права на здымку і  "калі гэтая інфармацыя будзе выкладзеная дзесьці, у нейкія сеткі, то могуць быць наступствы". 

che_04.jpg


Адначасова адбываўся ператрус і ў доме, дзе пражывае маці актывіста. Пажылая жанчына знаходзілася дома адна. У яе падскочыў ціск, яна не памятае ні што канфіскавалі, ні што яна падпісвала. Паводле яе слоў, людзі, якія прыйшлі, корпаліся ва ўсіх яе асабістых рэчах, нават у макаронах. Жанчына інвалід 2-ой групы, перанесла анкалагічныя аперацыі, мае цукровы дыябет, катаракту, стэноз аорты. Ціск не зніжаўся нават пасля патройнай дозы лекаў, так што дачка мусіла выклікаць ёй хуткую дапамогу.
Прычынай такой увагі з боку міліцыянтаў, відаць, стала тое, што яе сын Міхаіл афіцыйна прапісаны тут.
У чым заключаюцца абразы, Міхаіл і яго жонка не разумеюць. Яны кажуць, што ўсе іх праблемы з міліцыяй пачаліся пасля таго, як Міхаіл пачаў праяўляць палітычную і грамадзянскую актыўнасць у Сеціве. 25 сакавіка Міхаіла і яго жонку ўтрымлівалі 7 гадзін у РАУС, каб яны не маглі трапіць у Мінск на дазволенае святкаванне Дня Волі. Пасля гэтага намякнулі яго жонцы Людміле, што яна не зможа больш нармальна працаваць у пазаведамаснай ахове і ёй давялося напісаць заяву па пагадненні бакоў. Міхаіл быў назіральнікам ад АГП на мясцовых выбарах, публікаваў фота пабітых дарог Дубровенскага раёна з пытаннем аб тым, куды сыходзяць падаткі грамадзян, нататкі пра разбурэнне прадпрыемстваў раёна, у прыватнасці малочна-таварных комплексаў, фотафакты парушэнняў ПДР з боку супрацоўнікаў ДАІ, відэа з судоў над палітычныя актывістамі.
У суботу, 5 траўня, Людміла Чэмурака наведала РУУС і занесла сваю заяву (менавіта яна з'яўляецца уласніцай канфіскаванага сістэмнага блока) і заяву маці, уласніцы наўтбука. Яны звярнуліся да начальніка РАУС, каб ім далі копію акту канфіскацыі тэхнікі. Пры гэтым у РАУС ім сказалі, што канфіскаваная тэхніка знаходзіцца ў Віцебску.