На лідара «Дзецюкоў» завялі справу за рэпосты відэа, якіх няма

Разгляд справы Алеся Дзянісава адбудзецца 7 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна.

belsat.eu

belsat.eu

Пакуль ідзе праверка па ўзбуджэнні крымінальнай справы адносна лідара гарадзенскага гурта «Дзецюкі» Аляксандра Дзянісава, стала вядома, за што ў адносінах да музыкі была ўзбуджана адміністрацыйная справа. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
«Тое, што была заведзена адміністрацыўная справа па ч.2 арт. 17.11. Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў — распаўсюд экстрэмізму, груба кажучы, — я ведаў. Але не ведаў дакладна, за што. Цяпер ведаю: рэпосты з забароненай старонкі анархістаў «Революционное действие» двух відэа. Абодва відэа былі рэпоснуты 6 сакавіка 2017 г. Абодва зараз адсутнічаюць, хаця я іх не выдаляў. Нічога на іх экстрэмісцкага няма. Яны — пра ўдзел берасцейскіх анархістаў у Маршах тунеядцаў. Усё», — паведаміў Дзянісаў.

Разгляд справы адбудзецца 7 лістапада ў судзе Кастрычніцкага раёна Гродна (вул. Дубко, 9) а 10:00, кабінет №3.
Праўда, задаецца пытаннем музыка, ці не з'яўляецца 7 лістапада афіцыйным выходным па краіне?
І яшчэ адно пытанне Алесь Дзянісаў адрасуе міліцыі:
«Анархічная старонка была прызнана мінскім судом экстрэмісцкай 10 лістапада 2016г. 22.11.2016 г. рашэнне суда стала законным. Цяпер пытанне да доблеснай міліцыі: чаму старонка працягвала дзейнічаць ажно, як мінімум, да пачатку сакавіка 2017 г.?»

Ціск з боку гарадзенскай міліцыі на лідара «Дзецюкоў» працягваецца ўжо месяц. Міліцыянты тэлефанавалі да яго сваякоў, а таксама яму асабіста з мэтаю атрымання інфармацыі пра парушэнне законаў. А ў ліпені канфіскавалі ўсю камп’ютарную тэхніку і носьбіты інфармацыі ў яго і яго калегі па працы Алеся Кайрыса.