На мяжы старанна даглядаюць тых, хто «папаўся» па 23.34?

Памежнікі ставяць на персанальны старанны надгляд беларусаў, якія за гэтыя месяцы "папаліся" па артыкуле 23.34. Пра гэта «Еўрарадыё» паведамляюць чытачы, якія перасякалі днямі беларускую мяжу.

photo_2020_12_07_12_06_09.jpg

"Гэта вельмі падобна на праўду. Мы на мінулым тыдні ехалі невялікай групай з Беларусі, і з усіх нас правяралі толькі тую дзяўчыну, якая была затрыманая на адным з мітынгаў", — расказвае чытач.
Ці сапраўды гэта так? Кіраўнік прэс-службы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Антон Бычкоўскі адказвае даволі ўнікліва:
Я не магу сказаць нічога пра гэта. Па-першае, прэс-служба не мае доступу да такога банка звестак. Па-другое, я моцна сумняваюся, што гэта банк звестак Дзяржпагранкамітэта, а не МУС.
— Гэта значыць, у тэорыі гэта магчыма?
Па вывадзе можа быць усё што заўгодна. Дзяржпагранкамітэт выконвае ўсе свае функцыі па ахове дзяржаўнай мяжы, у тым ліку памежным кантролі ў пунктах пропуску, у адпаведнасці з ускладзенымі на яго задачамі. Гэта ўсё, што я магу вам сказаць.
У прэс-службе МУС адмовіліся каментаваць такую сітуацыю: "Я думаю, што гэта не знаходзіцца ў кампетэнцыі МУС. Вам трэба ўдакладніць у Пагранкамітэце. Або вы можаце накіраваць нам запыт, мы дамо адказ, калі гэта ў нашай кампетэнцыі", — сказала Вольга Чамаданава.