На Эдуарда Лобава зноў склалі пратакол
Маці Марыне Лобавай палітвязень даслаў ліст, ў якім зноў аказалася навіна не з самых прыемных.
«Напісаў у лісце, што зноў на яго склалі пратакол за нейкае парушэнне. І таму ён зноў чакае рашэння паводле гэтага рапарта. Піша пры гэтым, што спадзяецца на лепшае — што
спатканне ўсё ж адбудзецца».
Марына Лобава заўважае, што паўтараецца сітуацыя дзесяцідзённай даўніны, калі гэтак сама на сына наклалі нейкае дысцыплінарнае парушэнне і пад пагрозай было іх спатканне, прымеркаванае на люты. Тады
адміністрацыя абмежавалася прафілактычнай гутаркай з Эдуардам Лобавым. Што будзе зараз, маці палітвязня гадаць не бярэцца.
Эдуард Лобаў адбывае 4 гады зьняволення за інцыдэнт, ў якім удзельнічаў і Зміцер Дашкевіч — нібыта ўдвох яны зьбілі выпадковых мінакоў на вуліцы Янкі Маўра ў Мінску за дзень да прэзідэнцкіх
выбараў 2010 году. Актывісты казалі ў судзе пра правакацыю спецслужбаў з мэтай нэйтралізаваць іх напярэдадні гэтай важнай палітычнай падзеі.
Гарадзенская Вясна