Навіны дня: рэпрэсіі не спыняюцца, траўматолагаў арыштоўваць, затое РФ абяцае адправіць беларуса ў космас

Сёння ў Беларусі чарговы раз падаражэла аўтамабільнае паліва — ужо сёмы раз за год! А ў ЕС зноў пачалі затрымліваюць буйныя партыі беларускіх цыгарэт. Што яшчэ адбылося 12-га красавіка ў Беларусі? У нашым традыцыйным аглядзе згадваем асноўныя падзеі дня.

1613710146190442827.png

Паўлу Кучынскаму, якога трымаюць за кратамі з апошняй стадыяй рака, выставілі абвінавачванні па пяці крымінальных артыкулах. Хлопец мае інваліднасць другой групы, у яго чацвёртая стадыя рака, аднак яго ўжо 2,5 месяцы трымаюць у зняволенні. За кратамі стан здароўя Паўла пагоршыўся, пачаўся запаленчы працэс.

Больш за 25 праверак за месяц. Як Рэгіна Лавор адбывае «хатнюю хімію»? Стваральніцу і першую дырэктарку Іўеўскага музея нацыянальных культур у верасні мінулага года асудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» за абразу начальніка Іўеўскага РАУС. За сакавік да яе больш за 25 разоў прыходзілі з праверкамі, жанчыне забаранілі наведваць касцёл і нават карыстацца прыбіральняй на вуліцы.

Палітзняволеную шматдзетную маці Вольгу Залатар этапавалі ў гомельскую калонію. Вользе прысудзілі чатыры гады зняволення. Аднак актывістка не прызнала віну ні па ніводным артыкуле.

Па «Справе траўматолагаў» затрымалі яшчэ шэсць лекараў — загадчыкаў аддзяленняў і кафедр. «Напэўна, на тыдні ў краіне не застанецца ніводнага доктара гэтага профілю — 90% тых, хто робіць аперацыі, ужо затрыманыя», — кажуць абазнаныя крыніцы.

Палітвязня Эдуарда Пальчыса перавялі ў калонію ў Наваполацку. У гэтай жа калоніі адбывае пакаранне Віктар Бабарыка.

Палітзняволеную Гаянэ Ахціян, маці анархіста Рамана Халілава, асудзілі на тры гады «хіміі» за, нябыта актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Сёння, у дзень савецкай касманаўтыкі, Пуцін сустрэўся з кіраўніком Беларусі. Пуцін даў даручэнне Раскосмасу арганізаваць палёт у космас на расійскім караблі прадстаўнікоў Беларусі. Расплачвацца за палёт беларускага касманаўта будуць спецыялісты і будаўнікі, якіх Лукашэнка паабяцаў у сціслыя тэрміны адправіць на касмадром Усходні ў Амурскай вобласці.

А пазней, на прэс-канферэнцыі пасля перамоваў з Уладзімірам Пуціным, беларускі кіраўнік заявіў, што трагедыя ў Бучы — «псіхалагічная спецаперацыя Брытаніі».

У Мінску рабочы «Пеленга», якому за 50 гадоў, забіў інжынера свайго ж падраздзялення. Загінуламу 26 гадоў. Ён працаваў інжынерам-тэхнолагам. Нібыта паміж імі паўстаў канфлікт з-за сітуацыі ў Украіне. Інжынер быў на баку Украіны, рабочы — Расіі. Ці так гэта на самай справе, невядома, але пра гэта кажуць людзі з розных падраздзяленняў, — распавядаюць калегі.

Рэцэпт ад Марыі Калеснікавай пра тое, як застацца чалавекам нават у нечалавечых умовах: «Быць далей ад крыніцы зла, не рабіць зла іншаму, не можаш спыніць зло — адыдзі. Пайсці на здзелку з сумленнем, падмануць, здрадзіць, схлусіць — справа некалькіх секунд, ну, можа, хвілін, а мне самой потым усё жыццё глядзець на сябе ў люстэрка»