Навыкі сумяшчэння: савецкая спадчына і еўрапейская будучыня

Адна з бліжэйшых да Беларусі краін — Латвія — ахутаная міфамі і стэрэатыпамі. Выпраўляючыся ў падарожжа ў нашу прыбалтыйскую суседку, давялося грунтоўна падрыхтавацца, каб не глядзець на краіну і яе жыхароў выключна праз прызму медыйных штампаў, як то: «рускамоўных у Латвіі хіба што камянямі не б’юць», «фашысты маршыруюць вуліцамі», а «Рыга — ідэальны горад для сярэднявечнай натуры ў кінаіндустрыі». Але рэальнасць сама развенчвае ўсе гэтыя міфы, як толькі ступаеш на рыжскі перон.


 



6_2_stary_gorad_ryga.jpg

Рыга, стары горад

Этнічныя спрэчкі
Паўсюль чуваць рускую мову. Латышская — рэдкая ў побыце, нават у Вільні літоўская мова значна больш распаўсюджаная сярод мясцовых жыхароў. Адпаведна, і праблем з паразуменнем тут няма, нават калі ведаць толькі рускую. Калі ж раптам надарыцца нечаканасць, і ў сферы абслугоўвання (да прыкладу, у кавярні) афіцыянт не зможа з вамі гаварыць па-руску, англійская мова без праблем дапаможа паразумецца. Цікавы штрых: на бэджах у тых жа афіцыянтаў, апроч імя, пазначана, якімі мова валодае чалавек.
Распаўсюджанасць рускай мовы ў Латвіі абумоўленая гісторыяй краіны. Калі ў 1991 годзе Латвія атрымала незалежнасць, то суадносіны латышоў і прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў былі ў прапорцыі прыблізна 50 на 50 працэнтаў. Рускія, паводле перапісу 1989 года, складалі 34% насельніцтва ў Латвійскай ССР і былі найбуйнейшай нацыянальнай меншасцю ў рэспубліцы. 73% рускага насельніцтва Латвіі пражывалі ў гарадах. Рускія сярод насельніцтва Рыгі складалі 47%, Даўгаўпілса — 58,3%
Другой па колькасці этнічнай меншасцю ў Латвіі былі і застаюцца беларусы. У 1989 годзе беларусаў у Латвіі пражывала амаль 120 тысяч, цяпер прыблізна 70 тысяч. Фактычна, кожны мой суразмоўца распавядаў ці пра свае беларускія карані, ці пра жонку-беларуску, ці пра суседзяў-беларусаў.
20 гадоў вакол адной тэмы
Натуральна, такі этнічны склад насельніцтва ўплывае на моўны стан у дзяржаве. Афіцыйная мова ў Латвіі — латышская, але не так даўно зноў на дзяржаўным узроўні было ўзнятае пытанне пра статус рускай мовы. На нацыянальным рэферэндуме наконт увядзення рускай мовы ў якасці другой дзяржаўнай рускамоўная суполка паказала значныя вынікі: 25% галасоў «за» ў цэлым па краіне, каля 40% — у Рызе, і больш за 50% — у адным з чатырох рэгіёнаў краіны, Латгаліі. Да слова, цяпер прыблізна 15% насельніцтва Латвіі не маюць статусу «грамадзянін» і, адпаведна, не могуць галасаваць. Да ведама, траціна насельніцтва Латвіі — больш за 700 тысяч чалавек, якія пражывалі тут на момант аднаўлення незалежнасці, атрымалі статус «неграмадзянаў», а яшчэ 160 тысяч чалавек, у асноўным прапісаныя ў інтэрнатах або ў дамах ваеннага ведамства, апынуліся «нелегаламі». Цяпер у Латвіі 300 тысяч жыхароў маюць статус «неграмадзянаў». Але да тонкай тэмы «неграмадзянаў» вернемся пазней, бо гэта цэлы пласт палітычных рашэнняў, гістарычнай спадчыны і ментальнасці людзей.
Канешне, 25% галасоў у падтрымку дзяржаўнага статусу рускай мовы недастаткова. Таму афіцыйнай мовай застаецца латышская. Старонняму позірку гэтыя моўныя жарсці праз 20 гадоў ад набыцця незалежнасці падаюцца дзіўнымі, бо варта было б не таптацца на месцы вакол тэмаў мовы і грамадзянства, а рухацца далей у развіцці, тым больш свет робіцца ўсё больш глабальным, вырасла новае пакаленне, якое на мовы глядзіць як на сродак камунікацыі і інструмент для свайго росту, а не выключна як на этнічную прыкмету.
Прафесар Рыжскага ўніверсітэта, кіраўнік Латвійскага інстытута міжнароднай палітыкі Андрыс Спрудс прызнае, што ў Латвіі асаблівае стаўленне да этнічнай тэмы, таму тут і падзел палітычнага поля адбываецца «не толькі па сацыяльна-эканамічных пытаннях, але і па нацыянальных». «Але гэта не выключна латышскі феномен, пытанні нацменшасцяў ёсць у многіх краінах, хіба што не заўсёды ёсць такі градус. У Беларусі, наколькі я ведаю, ёсць моцная супольнасць польскай этнічнай меншасці, — адзначае Андрыс Спрудс. — Пытанні меншасцяў рэдка бываюць простымі, асабліва ў дзяржавах, якія не так даўно атрымалі суверэнны статус. Ведаеце, той факт, што пытанне мовы было пастаўлена ў палітычную плоскасць і яго паспрабавалі цывілізавана вырашыць — пазітыўная з’ява. Людзі пайшлі галасаваць, каб выказаць сваю пазіцыю, а не на вуліцу. Гэта нармальна».

6_1_spruds.jpg

Прафесар Андрыс Спрудс


Прафесар Андрыс Спрудс падкрэслівае, што этнічная сітуацыя не ёсць такой трагічнай, як тое часам паказваюць медыя. «Напачатку 1990-х гадоў тут была няпростая сітуацыя, бо суадносіны латышоў і нелатышоў у краіне былі прыкладна 50 на 50 працэнтаў. Але цяпер у нас ёсць выдатны прыклад — Ніл Ушакоў, мэр Рыгі. За ўсю гісторыю Рыгі ніколі яе мэрам не быў этнічны рускі. І цяпер мы маем прыклад, калі нелатыш паводле нацыянальнасці, «неграмадзянін» у мінулым паспяхова прайшоў працэс натуралізацыі, пацвердзіў веданне мовы, гісторыі і стаў кіраўніком горада. Гэта пазітыўны прыклад для тых, хто песімістычна глядзіць на этнічнае пытанне ў Латвіі», — адзначае спадар Спрудс. Ён гаворыць, што за 20 гадоў усталяваліся «правілы гульні», і цяпер было б нелагічна карэнным чынам ламаць усю сістэму. «Значна важней інтэграваць тых, хто прайшоў працэс натуралізацыі, заахвочваць да гэтага іншых, паказваць, што гэтыя людзі могуць уплываць на жыццё ўнутры краіны», — рэзюмуе прафесар.
Між іншым, блізкасць да Расіі і моцны ўплыў расійскага інфармацыйнага поля робяць свой унёсак у этнічныя канфлікты. Да слова, «неграмадзяне» Латвіі маюць магчымасць без візаў ездзіць у Расію, шлях у краіны ЕС для іх абмежаваны візавымі працэдурамі.
Не мець ілюзій
Для тых, хто сімпатызуе заходняму кірунку знешняй палітыкі, сяброўства ў ЕС можа падавацца ў пэўным сэнсе чароўнай палачкай, што ўмомант вырашыць усе праблемы. Між іншым, падобныя погляды (праўда, пакуль без ідэі сяброўства ў Еўрасаюзе) можна пачуць і ад беларускіх палітыкаў. Але досвед Латвіі паказвае, што сяброўства ў клубе моцных не робіць аўтаматычна такой жа краіну.
Ад 2004 года Латвія з’яўляецца паўнапраўным сябрам Еўрасаюза, уваходзіць у шэнгенскую зону. Да сусветнага эканамічнага крызісу ў Латвіі назіраўся актыўны рост дабрабыту, «тлустыя гады» — кажуць пра гэты перыяд мясцовыя палітыкі. Але ў 2009 годзе ВУП Латвіі ўпаў на 17,8% — гэта самы горшы паказчык дынамікі ВУП у свеце. Цяпер паступова Латвія выбіраецца з эканамічнага абвалу, засвоіўшы яго ўрокі.
Але ў краіне ёсць некалькі істотных праблемных пунктаў. Так, агенцтва TNS, тэлекампанія LNT і перадача «900 секунд» правялі апытанне, у якім удзельнічалі 700 жыхароў Латвіі. Найбуйнейшымі праблемамі дзяржавы яе грамадзяне назвалі беспрацоўе, карупцыю, эміграцыю і імклівы рост цэн. Толькі 11% рэспандэнтаў назвалі праблемай нізкі ўзровень адукацыі ў краіне, 7% — неэфектыўную працу праваахоўных органаў, 1% — нізкі ўзровень даходаў жыхароў Латвіі. Пры гэтым дзве траціны жыхароў Латвіі ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча і сваіх сем’яў як дрэннае ці вельмі дрэннае.
Адкрытыя межы даюць права свабоды і выбару, таму вялікая колькасць жыхароў Латвіі задумваецца наконт эміграцыі. Людзей працаздольнага ўзросту эмігруе з Латвіі ў пяць разоў больш, чым прыязджае ў краіну. Цэнтральнае статыстычнае ўпраўленне рэспублікі паведамляе, што з 2000 па 2012 гады з Латвіі з’ехалі 211,4 тысячы жыхароў, а ўсяго насельніцтва краіны скарацілася на 340 тысяч чалавек. Скарачэнне колькасці на 128,6 тысячы чалавек адбылося з-за перавышэння смяротнасці над нараджальнасцю.
Сёлета ж эксперт Арганізацыі аб’яднаных нацый Сепхас Луміна ў сваёй справаздачы па Латвіі адзначыў, што найбольш праблемнымі момантамі ёсць нізкі ўзровень жыцця, міграцыя і дэмаграфія. Міграцыйныя працэсы назіраюцца фактычна ва ўсіх краінах-сябрах ЕС, якія саступаюць у сваім развіцці краінам Старой Еўропы — Германіі, Брытаніі, Францыі. Праблема масавага ад’езду людзей эканамічна актыўнага ўзросту на працу і потым на ПМЖ ёсць у Польшчы, Літве, Славакіі, Чэхіі. Але, як падкрэсліваюць эксперты, рашэнне палягае не ў закрыцці межаў ды будаванні муроў, а ў стварэнні на месцы канкурэнтных працоўных месцаў, якія будуць прывабнымі для людзей.
«Сяброўства ў Еўрасаюзе дало нам магчымасці выбару — дзе жыць, працаваць, вучыцца. У 1990-я гады, калі я быў студэнтам, у нас не было столькі магчымасцяў, каб выехаць на Захад, былі патрэбныя візы. Цяпер жа дастаткова сесці ў машыну — і чалавек можа рухацца куды заўгодна. Для мяне, маёй сям’і гэтыя рэчы вельмі важныя. Мы сталі больш глабальнымі і менш правінцыйнымі, — разважае прафесар Рыжскага ўніверсітэту Андрыс Спрудс. — Мяркую, прынцып «Think global, act local» у нас добра працуе, мы атрымалі дынаміку да развіцця. Да таго ж пакуль мы былі проста суверэннай дзяржавай, то заўсёды недзе падсвядома існавала думка, што Латвія — маленькая краіна, а ёсць вялікая суседка Расія, якая можа на нас уплываць. Заўсёды заставалася можа быць не артыкуляванае пытанне бяспекі. Цяпер жа, калі мы частка ЕС, NАТО, пытанне бяспекі адышло. Гэта дазваляе нам ісці далей, не азіраючыся на нейкія ўнутраныя трывогі».
У наступных выпусках «Новага часу» чытайце ў працяг латышскай тэмы пра настальгію па вялікаму ўсесаюзнаму мінуламу, пра жыццё ў дэнацыяналізаваным доме без святла і ацяплення, адкрытасць вялікага свету і зайздрасць да стваральнікаў skype.