«Не хочаш ствараць прафсаюз? Да цябе прыйдзе падатковая інспекцыя ды пажарныя!»

Лідар прафсаюза РЭП Генадзь Фядыніч пракаментаваў ініцыятыву ўладаў аб стварэнні прафсаюзаў на прадпрыемствах усіх формаў уласнасці.



hienadz_fiedynicz.jpg

— Хачу адзначыць, што я заўсёды быў супраць стварэння прафсаюзных суполак адміністрацыйным шляхам. Міхаіл Орда ніколі не працаваў у прафсаюзах і, мабыць, забыўся, што ўступленне ў прафсаюз — справа добраахвотная для кожнага работніка. У нас жа цяпер давядзецца сказаць усім наймальнікам: калі не хочаш ствараць прафсаюз, то да цябе прыйдуць падатковая, пажарныя і не дадуць нармальна працаваць,  — распавёў «Салідарнасці» лідар Беларускага прафзвяза работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.
Лідар прафзвяза РЭП распавёў, што ў прыватным сектары працуюць чальцы незалежных прафсаюзаў. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ініцыятыва ішла знізу:
— Спачатку мы стваралі прафсаюзную групу. А ўжо потым ішлі да наймальніка і казалі: у вас створана прафсаюзная група, вось яе кіраўнік, давайце прасоўвацца на больш высокі ўзровень. Гэта значыць, мы ставілі наймальніка перад фактам, што ёсць людзі, якія жадаюць стварыць арганізацыю.
На думку Фядыніча, калі хтосьці сапраўды хоча ўступіць у прафсаюз, то ён сам прыйдзе ў ФПБ, у тым ліку работнікі прыватнага сектара.
— Але гэтага няма, — падкрэсліў ён.
Навошта ФПБ спатрэбілася ахопліваць усе прадпрыемствы? Генадзь Фядыніч выказаў некалькі здагадак:
— Па-першае, гэта ўнёскі. Па-другое, можна будзе паведаміць кіраўніку дзяржавы, што Федэрацыя ахоплівае 99,8% прадпрыемстваў.
Лідар прафсаюзаў РЭП сумняваецца ў поспеху ініцыятывы. Паводле ягоных слоў, як толькі ўмовы ў краіне зменяцца, так усе і разбягуцца з прафсаюзаў, створаных добраахвотна-прымусова.
— Прафсаюзы павінны не толькі ўнёскі збіраць, але і працаваць, дапамагаць сваім сябрам. Замест таго, каб скардзіцца Лукашэнку на прыватнікаў, Орда павінен быў сказаць, што ў людзей заробкі ўпалі, што ніхто не ведае, чаго чакаць ад заўтрашняга дня.
Генадзь Фядыніч распавёў, што чыноўнікі агітуюць за ўступленне ў ФПБ, выкарыстоўваючы састарэлыя метады:
— Прыходзяць на прадпрыемства і кажуць: уступайце і атрымаеце тур выходнога дня. Ну што гэта? Гэта ж пазаўчарашні дзень. А калі б прыйшоў хто і сказаў: створым тут першасную арганізацыю — і ў вас падвысіцца заробак, палепшацца ўмовы працы і будзе стабільнасць. У такі прафсаюз і я б уступіў. Але так не будзе. Націснуць на наймальніка, ён скажа работнікам: прыйшоў загад стварыць прафсаюз, хочаце ў мяне працаваць — уступайце. Мне сорамна за старшыню ФПБ. Мабыць, у іх там не вельмі добрыя справы, калі яны такім чынам ствараюць прафсаюзы, — рэзюмаваў суразмоўца.
У пятніцу на VII з'ездзе ФПБ у Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што да сярэдзіны 2016 ва ўсіх працоўных калектывах павінны быць прафсаюзныя арганізацыі «чаго б нам гэта не каштавала». Так ён адрэагаваў на скаргу кіраўніка ФПБ Міхаіла Орды на супрацьдзеянне стварэнню прафарганізацый на прыватных прадпрыемствах.
gazetaby.com