Лукашэнка: Апазіцыйныя партыі лепш не слухаць, занадта ўжо яны далёкія ад народа
Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 22 мая ў Мінску на VII з'ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), у чарговы раз параіў работнікам не слухаць апазіцыйных палітыкаў.
![zly_luka.jpg zly_luka.jpg](/img/v1/news/full/zly_luka.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ён заявіў, што з'езд ФПБ «іграе важную ролю ў жыцці дзяржавы», паколькі федэрацыя з'яўляецца «самым масавым і аўтарытэтным грамадскім аб'яднаннем
у краіне», якое «аб'ядноўвае больш за 90% эканамічна актыўнага насельніцтва».
«Прафсаюзы застаюцца адной з апор нашай грамадзянскай супольнасці. Нас калісьці папракалі ў тым, што ў нас няма грамадзянскай супольнасці. Гэтыя нашы партыі, ці, як іх у народзе завуць,
партыйкі, галоўным чынам апазіцыйнага толку, пятая калона», — сказаў Лукашэнка.
Паводле яго меркавання, у Беларусі нароўні з прафсаюзамі грамадзянскую супольнасць складаюць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі (БРСМ), а таксама ветэранская і жаночая арганізацыі.
«Яны што, па колькасці меншыя, чым нашы партыі? Ды ніхто нават не ведае, якая ў іх [апазіцыйных партый] колькасць», — адзначыў Лукашэнка.
«Апазіцыйныя партыі лепш не слухаць, — параіў ён. — Не таму, што Лукашэнка іх душыць, проста занадта яны далёкія ад народа. Вы ж з'яўляецеся асноўнай апорай
дзяржавы. Я толькі што сказаў старшыні [ФПБ], што вы — партыя нашых працоўных. Вы з'яўляецеся асноўным правадніком дзяржаўных ідэй. Вам павінна быць да ўсяго
справа».
«Менавіта вы павінны ўзяць на сябе велізарную працу, якую трэба выканаць у будучыні», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
БелаПАН