Меркель спытала ў Лукашэнкі, чаму ён не вызваляе палітвязняў
Адбылося гэта падчас сустрэчы ў Мінску «нармандскай чацвёркі» 11—12 лютага. Пра размову стала вядома толькі цяпер.
Канцлер Нямеччыны Ангела Меркель спытала ў Аляксандра Лукашэнкі, чаму ён не вызваляе палітвязняў. Адбылося гэта падчас сустрэчы ў Мінску «нармандскай чацвёркі» 11-12 лютага.
Але тады пра гэтае пытанне нічога не было вядома. Цяпер жа ў Facebook старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька піша, што Меркель распавяла пра размову з кіраўніком Беларусі
«ў гутарцы на траіх».
«На сваей дрэннай рускай мове я наўпрост спытала Аляксандра Лукашэнку, чаму ён не вызваляе палiтычных вязняў. Ён адказаў, што ў Беларусi палiтвязняў няма», —
пераказвае словы Меркель Лябедзька.
Як можна меркаваць, беларускі апазіцыйны палітык даведаўся пра размову кіраўнікоў Нямеччыны і Беларусі ў кулуарах Рыжскага саміта Усходняга партнёрства.
Нагадаем, што самы вядомы беларускі палітвязень — гэта экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, які знаходзіцца за кратамі ад снежня 2010 года.
euroradio.fm