Паўсюль правал, бо не супраціўляемся

Беларуская Нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» абрала кіраўніка і склад каардынацыйнага камітэта. Узначаліў камітэт кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч. Аднак, па словах самога Мацкевіча, беларускаму трэцяму сектару за апошні час асабліва няма чым пахваліцца. Да знешніх прычынаў, якія тармозяць развіццё грамадзянскай супольнасці, дадаюцца і ментальныя — беларусаў складана аб’ядноўваць дзеля якой бы тое ні было ідэі.



b16574c54c98b9512edbecb8fa4f47f2.jpg

Беларуская Нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» абрала кіраўніка і склад каардынацыйнага камітэта. Узначаліў камітэт кіраўнік Рады Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Уладзімір Мацкевіч. Аднак, па словах самога Мацкевіча, беларускаму трэцяму сектару за апошні час асабліва няма чым пахваліцца. Да знешніх прычынаў, якія тармозяць развіццё грамадзянскай супольнасці, дадаюцца і ментальныя — беларусаў складана аб’ядноўваць дзеля якой бы тое ні было ідэі.

«У Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства» рэальна няма дасягненняў і перамог, — крытыкаваў прадстаўнікоў трэцяга сектару ў часе канферэнцыі Уладзімір Мацкевіч. — У нас самыя кепскія балы па ўсіх паказчыках устойлівасці грамадзянскай супольнасці. Гэта і прававы асяродак, і арганізацыйнае развіццё, і фінансавая ўстойлівасць, інфраструктура, імідж у вачах грамадства. Паўсюль у нас правал! Мы можам сказаць, што ў гэтага правалу ёсць вонкавыя прычыны. Але я бачу галоўным чыннікам той факт, што ў нас нізкая актыўнасць, безыніцыятыўнасць Нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці. Лукашэнка і яго рэжым праводзяць сваю палітыку, і робяць гэта паспяхова, бо мы не супраціўляемся. Мы антаганісты, але мусім праводзіць сваю лінію, і гэтага не робім. Нацыянальная платформа не павінна адмаўляцца ад палітызацыі, бо яна мусіць адстойваць свае пазіцыі. Але мы не пакліканыя замяняць палітычныя структуры».
Працягваючы тэму раз’­яд­нанасці прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый, Улад Вялічка, кіраўнік міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», гаворыць, што ў такім працэсе няма нічога ненатуральнага, бо «раз’яднанасць і трэцяга сектару, і беларускага грамадства — гэта наш доўгатэрміновы стан».
— Палітычны бамонд не можа ўступіць у камунікацыю з грамадскім сектарам, той, у сваю чаргу, не можа аб’яднацца дзеля нейкай задачы, рэлігійныя арганізацыі нічога не ведаюць пра грамадскія аб’яднанні, прафсаюзы існуюць самі па сабе і гэтак далей. Таму Нацыянальная платформа — гэта адзін з нешматлікіх прыкладаў складанай працы аб’яднання арганізацый дзеля агульнай мэты, — мяркуе Вялічка.
Яшчэ адна з праблем трэцяга сектару краіны — ігнараванне працы на ўласны імідж у вачах грамадзян. Калі дзяржаўная прапаганда старанна культывуе ідэі «адмарозкаў» і «пятай калоны», то прадстаўнікі гэтай супольнасці амаль нічога не робяць, каб не выглядаць у вачах абывацеляў акурат такімі.
— Арганізацыі не думаюць, што гэта іх справа і абавязак, не імкнуцца даводзіць свае канцэпты да людзей. Калі мы гаворым «правы чалавека», то людзі палохаюцца, хаця насамрэч гэта тычыцца кожнага ў паўсядзённым жыцці, — тлумачыць Улад Вялічка наступствы абыякавага падыходу да пазіцыянавання арганізацый.
Варта нагадаць, што праграму «Усходняе партнёрства» Беларусь выкарыстоўвае ў вельмі абрэзаным фармаце. А такі інструмент праграмы, як Форум грамадзянскай супольнасці, улады ўвогуле ігнаруюць. Адпаведнае стаўленне і да яго ўдзельнікаў.
— Палова краіны існуе ў сітуацыі, калі ўлада яе не заўважае. На сённяшні дзень улады сапраўды ігнаруюць праграму «Усходняе партнёрства», але ў пэўных сегментах можна нечага дамагацца, шукаць прымальныя фарматы. Тым больш цяпер запушчаны Еўрапейскі дыялог дзеля мадэрнізацыі, што можна расцэньваць як другое дыханне для «Усходняга партнёрства», — гаворыць Улад Вялічка. — Гэта вяртанне Беларусі ў еўрапейскі вектар развіцця, бо цяпер улады цалкам развярнуліся на Усход, але мы мяркуем, што гэта не адпавядае нацыянальным інтарэсам. Важна захаваць фармат удзелу Беларусі ў еўрапейскіх працэсах. Калі цяпер усё згарнуць, то ў патрэбны момант давядзецца пачынаць з нуля, а гэта вельмі затратна і складана.
Кіраўнік выканаўчага бюро Асамблеі НДА Сяргей Лісічонак таксама расцэньвае еўрапейскія праграмы для Беларусі як магчымасць атрымаць неабходны досвед, нават калі цяпер яго няма да чаго прыкласці.
— Наша грамадзянская супольнасць гатовая працаваць у рэчышчы супрацоўніцтва з ЕС, а ўрад — не. Але для Беларусі Форум грамадзянскай супольнасці ёсць важным па некалькіх прычынах: нашы людзі ўдзельнічаюць у працэсах, наколькі гэта магчыма, выпрацоўваюцца навыкі па маніторынгу, ацэнкі працэсаў. І як толькі з’явяцца ўмовы, то гэтыя навыкі можна будзе скіраваць на працу дзеля Беларусі. Нават цяпер ёсць магчымасці для прасоўвання беларускіх інтарэсаў сіламі грамадзянскай супольнасці. Як прыклад — Балонскі камітэт. Яны змаглі прасунуць сваю ідэю праз Форум грамадзянскай супольнасці, іх пазіцыю пачулі і прынялі. Трэці аспект: праз гэтыя інструменты рыхтуюцца людзі для працы ва ўмовах новай Беларусі. Было б наіўна думаць, што, як толькі адбудуцца змены ў краіне, у нас з ніадкуль з’явяцца спецыялісты і эксперты, гатовыя працаваць у новых правілах, — падкрэслівае Сяргей Лісічонак.
Да Форуму грамадзянскай супольнасці праяўляюць цікаўнасць праўрадавыя грамадскія арганізацыі. Напрыклад, прафсаюзы. Праўда, па словах Улада Вялічкі, ёсць негатыўная рэакцыя на ўдзел у ФГС УП прадзяржаўных арганізацый ад аднаго з заснавальнікаў — Еўрапейскага эканамічна-сацыяльнага камітэту. Прычына ў тым, што гэтыя структуры не ёсць насамрэч незалежнымі прафсаюзамі, а хутчэй нейкім міністэрствам прафсаюзаў. Яны не адпавядаюць у разуменні еўрапейцаў крытэрам арганізацый трэцяга сектару.
У часе канферэнцыі «Нацыянальная платформа: 2012 — новая рэальнасць у няновых умовах» таксама адбыліся выбары ў склад каардынацыйнага камітэта Нацыянальнай платформы ФГС УП. У яго ўвайшлі Уладзімір Мацкевіч, старшыня Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» Улад Вялічка, каардынатар Офіса па правах людзей з інваліднасцю Сяргей Драздоўскі, намеснік старшыні Руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч, сябар савета грамадзянскай ініцыятывы «Гомельскі дэмакратычны форум» Пётр Кузняцоў, дырэктар Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка і старшыня Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч. Ганаровым членам каардынацыйнага камітэта быў зноў абраны праваабаронца Алесь Бяляцкі, які цяпер знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі.
Канцэпцыю развіцця мяркуецца прыняць на наступнай канферэнцыі беларускай Нацыянальнай платформы ФГС УП восенню бягучага года.
Цяпер падпісалі мемарандум і далучыліся да Нацыянальнай платформы ФГС УП 58 грамадскіх арганізацый Беларусі. У часе канферэнцыі былі абраныя 20 грамадскіх арганізацый, якія будуць рэкамендаваныя да ўдзелу ў чацвёртай сустрэчы Форума грамадзянскай супольнасці «Усходняга партнёрства», што адбудзецца 29–30 лістапада ў Стакгольме.