Пачаўся Тыдзень супраць смяротнага пакарання
З 5 па 10 кастрычніка праваабарончы цэнтр “Вясна” ладзіць “Тыдзень супраць смяротнага пакарання”, насычаны мерапрыемствамі і інфармацыяй адносна набалелай праблемы, якую ўздымаюць праваабаронцы ў беларускім грамадстве.
Цягам тыдня праваабаронцы запланавалі шэраг мерапрыемстваў. А кульмінацыяй тэматычнага тыдня стане 10 кастрычніка — Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання. На гэты дзень запланавана прэс-канферэнцыя з удзелам сваякоў расстраляных і асуджаных да смяротнага пакарання.
“Тыдзень супраць смяротнага пакарання” ладзіцца ў межах кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”, якая праводзіцца з 2009 года. Мэта кампаніі — спыненне смяротнай кары ў краіне і далучэнне Беларусі да агульнаеўрапейскіх каштоўнасцяў. Беларусь застаецца адзінай краінай у Еўропе, дзе выносяцца і прыводзяцца ў выкананне смяротныя прысуды.
Пра падрабязнасці тыдня расказвае Андрэй Палуда з “Вясны”:
— Мы прапануем шэраг мерапрыемстваў у выглядзе дыскусій, праглядаў відэа-прадукцыі, якая зроблена ў межах кампаніі. Гэта таксама рознага кшталту прэзентацыі. Мы будзем раздаваць інфармацыйныя ўлёткі, буклеты. Мы пакажам два новыя відэа-ролікі з серыі “Шэсць аргументаў супраць смяротнага пакарання”. Таксама будзе паказаны відэа-ролік, дзе вядомыя асобы ў краіне раскажуць, чаму яны супраць смяротнага пакарання. Мы праводзілі конкурс эсэ сярод моладзі, дзе яна разважае пра смяротную кару. Плануецца іх прэзентацыя. Гэта кораценька, а падрабязнасці можна знайсці ў сеціве.
Акрамя гэтага, распачне працу тэматычны інтэрнэт-рэсурс, дзе будзе акумулявацца ўся інфармацыя па праблеме смяротнага пакарання — інтэрв’ю і аналітычныя публікацыі, фота- і відэаматэрыялы.
Яскравай падзеяй абяцае стаць анлайн-прэзэнтацыя музычнага праекта “Апошні золак”, якая прыпадае на гэты час. Пра праект расказвае яго каардынатар Сяргей Будкін:
— У праекце ўдзельнічаюць вядучыя беларускія музыкі — Лявон Вольскі, Наста Шпакоўская, Ганна Хітрык, Алесь Дзянісаў, Зьміцер Вайцюшкевіч, Віктар Рудэнка. Яны напісалі адмыслова песьні, прысьвечаныя тэме сьмяротнага пакараньня. Яны, канешне, выступаюць супраць. Але гэта ня будзе агітацыйны праект. Гэта творчы праект, які мае на мэце абуджэньне пачуцьцяў слухачоў. Ён падштурхоўвае, каб задумацца аб праблеме, — адзначыў С. Будкін.
Прэм’ера праекту будзе адбывацца анлайн. Гэта будзе больш творчае спалучэньне розных відаў мастацтва — пясочнае шоў, відэ-інсталяцыя, прамовы вядомых людзей. Будуць таксама сюрпрызы.
Пачатак прэм'еры праекту заплянаваны на 19 гадзін на парталах TUT.by, Naviny.by і "Наша ніва".