Пад рэпрэсіямі — журналісты

У краіне будзе амністыя. Палітвязні пад яе крытэры не патрапілі. Больш за тое — спіс вязняў сумлення ў Беларусі пашыраецца. (Пікет у падтрымку Андрэя Пачобута каля будынка суда, ліпень 2011 года)



14ad095ecc1c3e1b87f3c522836e9158_logo.jpg

У краіне будзе амністыя. Палітвязні пад яе крытэры не патрапілі. Больш за тое — спіс вязняў сумлення ў Беларусі пашыраецца.

(Пікет у падтрымку Андрэя Пачобута каля будынка суда, ліпень 2011 года)


Асуджаныя па артыкулах Крымінальнага кодэкса 293 («Масавыя беспарадкі»), 367 («Паклёп у дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь»), 369–3 («Парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў») не трапілі пад амністыю. Адпаведны законапраект адразу ў двух чытаннях прынялі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Усяго пад амністыю патрапіла 2 880 чалавек. Палітычныя зняволеныя застануцца за кратамі. Адначасова спіс вязняў сумлення Беларусі пашыраецца — цяпер у ім 14 чалавек.
Уплывовая арганізацыя «Amnesty International» назвала журналіста польскай «Gazety Wyborczej» Андрэя Пачобута вязнем сумлення. «Журналіст Андрэй Пачобут знаходзіцца пад пагрозай турэмнага зняволення на тэрмін да пяці гадоў за крытыку прэзідэнта Беларусі. Ён з’яўляецца вязнем сумлення і арыштаваны ў сувязі з ажыццяўленнем свайго права на свабоду выказвання меркаванняў», — гаворыцца ў тэрміновай заяве міжнароднай праваабарончай арганізацыі «Amnesty International».
Андрэй Пачобут быў арыштаваны 21 чэрвеня ў сваёй кватэры ў Гродна. Яго абвінавачваюць у «паклёпе на прэзідэнта» па артыкуле 367–2 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у сувязі з публікацыяй артыкулаў у беларускіх недзяржаўных СМІ. Афіцыйнае абвінавачванне яшчэ не прад’яўлена. Андрэю пагражае зняволенне на тэрмін да пяці гадоў. 21 чэрвеня ў кватэры журналіста быў праведзены ператрус, канфіскаваны яго кампутар і дакументы. У сваіх артыкулах Андрэй Пачобут крытыкаваў судовы працэс і вырак у справе Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава, якія былі расстраляныя ў сакавіку 2012 года ў сувязі з выбухам у сталічным метро. Ён таксама выступіў з крытыкай пазіцыі Лукашэнкі ў дачыненні да Еўрапейскага саюза і рэакцыі беларускіх уладаў на хвалю «маўклівых пратэстаў» у краіне.
Летась вясною Андрэй Пачобут таксама быў абвінавачаны ў «абразе прэзідэнта» і «паклёпе на прэзідэнта» за публікацыі ў «Gazecie Wyborczej». 5 ліпеня 2011 суд пакараў яго трыма гадамі пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання. Тады сваё вызваленне Андрэй Пачобут назваў вынікам вялікай міжнароднай салідарнасці. «Я чакаў больш жорсткага прысуду. Вынесены прысуд — гэта вынік ціску на рэжым Лукашэнкі, вынік увядзення эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму, менавіта гэтага і баіцца Лукашэнка», — заявіў Андрэй на ганку судовага будынку. Вызвалення журналіста патрабавалі беларускія і міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і Польшчы. У Польшчы ладзілася адмысловая інфармацыйная кампанія ў падтрымку журналіста.
Цяпер, відавочна, ідзе збор інфармацыі на Андрэя. Пад гэтай маркай у офісе незарэгістраванага «Саюза палякаў», актывістам якога з’яўляецца Пачобут, шукалі «антыдзяржаўную прэсу». Міністэрства замежных спраў Польшчы выказала занепакоенасць у сувязі з арыштам журналіста і кіраўніка Рады «Саюза палякаў на Беларусі» Андрэя Пачобута, перадае інфармацыйнае агенцтва PAP. Прэс-сакратар МЗС Марцін Басацкі падкрэсліў, што арышт Пачобута — чарговы доказ вельмі дрэннага становішча з правамі чалавека ў Беларусі.


«Amnesty International» лічыць, што арышт Андрэя Пачобута з’яўляецца часткай працяглай кампаніі пераследу актывістаў грамадзянскай супольнасці і журналістаў з боку беларускіх уладаў. Пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года адбылося беспрэцэдэнтнае пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне. Вядучыя апазіцыйныя дзеячы былі затрыманыя і асуджаныя ў выніку несправядлівых судовых пасяджэнняў. НДА, актывісты грамадзянскай супольнасці і журналісты па-ранейшаму зазанаюць пераслед у сувязі з крытыкай уладаў», — гаворыцца ў заяве, змешчанай на сайце праваабарончага цэнтру «Вясна».
«Amnesty International» звяртаецца да ўсіх зацікаўленых асоб і арганізацый з заклікам запатрабаваць ад беларускіх уладаў «неадкладнага і безумоўнага вызвалення Андрэя Пачобута», а таксама «забеспячэння гарантый на свабоду выказвання меркаванняў у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі ў галіне правоў чалавека, у тым ліку артыкула 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах».
Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец называе арышт Пачобута «дэманстратыўным». «З улікам таго, што менш як год таму Андрэй Пачобут быў асуджаны паводле таго ж артыкулу 367 КК РБ (толькі частка 1), сёння яму можа пагражаць больш суровае пакаранне, бо з’явіліся абцяжарвальныя абставіны — паўторнасць, — мяркуе намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — У выпадку асуджэння журналіста ўжо нарад ці будзе ісці гаворка пра ўмоўнае пакаранне альбо адтэрміноўку. Больш за тое — прысуд па першай крымінальнай справе можа быць ужыты рэальна. Гэтыя падзеі нельга разглядаць па-за палітычным кантэкстам. Мы бачым, што афіцыйны Мінск не толькі не дэманструе палітычнай волі да вызвалення палітзняволеных, што з’яўляецца каменем сутыкнення ў дачыненнях з Еўрасаюзам, наадварот — з’явіўся новы палітычны вязень, прычым гэта чалавек, які даволі доўга знаходзіцца ў эпіцэнтры ўвагі як сусветнай грамадскасці, так і прадстаўнікоў урадаў розных краін... Складваецца ўражанне, што крымінальны пераслед Пачобута мае дэманстратыўны характар».
Напрыканцы мінулага тыдня таксама быў арыштаваны журналіст «Еўрарадыё» Павел Свярдоў па абвінавачванню ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадскім месцы.
Кропкавыя рэпрэсіі адбываюцца і ў дачыненні да грамадскіх актывістаў: быў затрыманы ў сябе дома Іван Амельчанка і асуджаны на 15 сутак. Яго таксама абвінавацілі ў лаянцы матам.
26 красавіка падчас Чарнобыльскага шляху Амельчанка стаў каля пераапранутага аператыўніка з самаробным плакатам «Мусарок».
15 мая Іван Амельчанка вырашыў самастойна прыйсці ў міліцыю, паколькі яго цягам апошніх тыдняў пастаянна спрабавалі выклікаць праз бацькоў для дачы тлумачэнняў па справе аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года. У аддзяленні міліцыі Івана адвялі ў асобнае памяшканне, дзе пратрымалі да позняга вечара і склалі пратакол. У судзе абвінавацілі ў дробным хуліганстве і пакаралі арыштам на 15 сутак.
30 мая Іван меўся выйсці з ізалятара, аднак яго адразу ж завезлі ў Маскоўскі РАУС, дзе склалі пратакол за хуліганства (арт. 17.1 КаАП) і асудзілі на 10 сутак. Як і іншых моладзевыя актывістаў, яго ўтрымлівалі за кратамі да заканчэння візіту Уладзіміра Пуціна ў Мінск.
Такім чынам, Іван Амельчанка за няпоўныя два месяцы правёў і правядзе за кратамі 40 сутак.